Пад зялёнай гарой паэма частка сёмая

ПАД ЗЯЛЁНАЙ ГАРОЙ

Паэма

Частка сёмая

Народу

1.

Кожны дзень малюся Богу,
Углядаюся ў дарогу,
Сонца весняга знікненне,
Лесу цёмнага адзенне.

Кожны дзень хоць на імгненне
Затрымаць хачу падзенне
Ў край, дзе правіць толькі Бог
У бязмежнасці дарог.

Углядаюся ў дарогу,
У чарговую трывогу
І прашу, каб дапамог
Мне на гэтым свеце Бог.

2.

Нікому оды не пішу,
Нікому гімны не складаю.
Жыву: кахаю і грашу.
Грашу і каюся – кахаю.

Калі і ўслаўлю я радком,
Дык хіба як у вырай гусі
Ляцяць з асеннім вецярком,
Вярнуцца каб да Беларусі.

Каму і прысвячу калі
Маленькі верш, радок адзіны,
Дык толькі тым, хто ад зямлі,
Ад песень любай мне Айчыны.

3.

Словы песні кожны міг шукаю,
Радасна на сэрцы ці трывожна.
Так душы сваёй дапамагаю
Дзень пражыць хоць крышку пераможна.

Кожны міг шукаю словы песні,
Ці вясёлай, слаўнай, ці балючай,
Ці такой, як неба напрадвесні,
Жыватворнай, трапяткой, гаючай.

Я шукаю словы і чакаю
Непаўторны міг, калі нарэшце –
У душы ад краю і да краю –
Прагучыць завершаная песня.

4.

Няма радзімы безаблічнай,
Як маці, бацькі, ці суседа.
Радзіма там, дзе ўсё прывычна –
Ад поля… і да хаты дзеда.

Радзіма там, дзе ўсё знаёма:
І сцежка ў лесе, і крыніца…
Дзе справа кожная вядома,
Дзе пазнаецца ў твар сініца.

Няма радзімы безаблічнай,
Як тых кустоў за агародам,
Дзе шэрая зязюля зычна
Табе кукуе год ад году.

5.

Беларусь мая сінявокая,
Як душой да цябе даплыць?
Ты то блізкая, то далёкая,
Ды ўсё роўна нам разам жыць.

Беларусь мая, ты глыбокая:
Цябе слухаю, слёзы лью.
А парой для мяне – далёкая,
Што, здаецца, і не люблю.

Беларусь мая сінявокая,
Ты бліжэй мне за ўсіх зямель.
Калі смага, тваімі сокамі
Мяне поіць бярозак хмель.

Беларусь мая сінявокая,
Сцерпіш гора, і я – сцярплю.
Не кажы, што ты адзінокая,
Я, як маму, цябе люблю.

Беларусь мая сінявокая,
Як даплыць да цябе душой?
Ты то блізкая, то далёкая,
Ды заўсёды твой сын з табой.

Беларусь мая сінявокая…

6.

Спее, абсыпаецца ажына,
Што расце ў нізіне ў сасняку.
Стомленая спіць мая Айчына
На жытнёвым жнівеньскім баку.

А сцяжына ўецца цераз поле,
Да ажыны колкае вядзе.
Спіць мая Айчына, бачыць волю
І плыве лілеяй па вадзе.

На ускрайку лесу ціха сяду...
Не ажыны хочацца збіраць,
А чакаць хвіліну зарападу,
Каб Айчыне шчасце загадаць.

Спеюць, абсыпаюцца ажыны –
У вільготным змрочным сасняку.
Летаргічны сон маёй Айчыны...
Хто яе абудзіць на вяку?

7.

Мне не пакінуць мілы край,
Дзе маці з бацькам спачываюць.
Тут выракай не выракай,
Яны мяне не адпускаюць.

Мне не пакінуць родны край,
Хоць бачу ўсе яго заганы.
Душы не скажаш “выбірай”,
Калі ў адзіны закаханы.

Мне не пакінуць шчодры край,
Атулены пяшчотай сосен,
Дзе я смакую каравай
Жытнёвы, што прыносіць восень!

Мне не пакінуць край бацькоў,
І журавоў вясенні вырай,
І памяць – колішніх вякоў,
І горыч – маёй песні шчырай.

8.

Зноў пра сваё пішу, Радзіма,
Пра тое, як няпроста жыць:
Без дэкарацый і без грыму,
Без пафасу – цябе любіць.

Любіць за цяжкасці, турботы,
Нязручнасці твайго жыцця,
Адсутнасць праўды і свабоды,
І зроку, слыху пачуцця.

Любіць, хоць нават не ўзаемна, –
Мой доўг радзімай старане.
О, як бы мне было прыемна,
Каб ты заўважыла мяне!

9.

Пра найменшую радзіму
Я хачу вам расказаць:
Хата, сад, гарод, і спіну
Нават некалі падняць.

Абкапаў радок клубніцы,
Побач – трохі прысадзіў.
Пра прыроды таямніцы
Нешта думаў, закурыў.

Сеў на мокрую салому,
Паглядзеў на дальні лес,
За якім грудок знаёмы –
Мамін. Бог жа – уваскрэс!

Але Бог ёсць Бог, – не мама…
Зноў рыдлёўку ў рукі ўзяў.
Можа, час схадзіць да храма?
Пад часнок граду скапаў.

Пра найменшую радзіму
Мне раскажуць жураўлі,
Выпрастаць бы толькі спіну,
Адарвацца… ад зямлі!

10.

Бярозы, сосны ды алешнік,
Рачулка ціхая, раўчук.
У Івацэвічах – чарэшні
І Грыўды маляўнічы крук.

І зноў назад, дзе Грыўда, Шчара
І Нёман велічны бяжыць.
Ракой агучаная мара,
Як лісце восені, дрыжыць.

Маўклівыя люблю я рэкі,
Лугі, палі і саснякі,
Дзе пасяліліся навекі
Маёй Радзімы землякі.

Бярозы, сосны, ды арэшнік,
Ды разважанняў ператрус…
І хто б я быў? – Вялікі грэшнік,
Каб не любіў я Беларусь!

11.

Незалежнасць – гэта мова,
Не пазыка у суседа!
Незалежнасць – гэта слова
І з суседзямі бяседа,
Збор гасцей за пачастункам
Без прымусу за абрусам,
Гэта – добрыя стасункі
Іншаземца з беларусам.
Незалежнасць – гэта думка,
Зразумелая любому,
Гэта розныя кірункі,
Што вядуць заўсёды к дому
Нас з табой, дзе бацька з маці
У сваёй сустрэнуць хаце,
Прывітаюць добрым словам
На сваёй на роднай мове.

12.

Мне позна адракацца ад Радзімы
І недзе шчасця новага шукаць.
І леты я люблю яе і зімы,
Люблю раскошу восені абняць.

Цярплю вясны пясчаныя завеі
І вечны сум засмяглае зямлі
І не ўрачыста я, а як умею,
Спяваю тут, бы ў небе жураўлі.

Мне позна адракацца ад Радзімы,
Дзе непрызнаны пішацца радок.
Мой любы край, ты для мяне адзіны,
Не я, а ты – мой геній і прарок.

13.

Душа ніколі не астыне.
Бяжыць, імчыць, крычыць яна:
Ці ў горкім палыне ў пустыні,
Ці просіць горкага віна.

Але яна гарыць і плавіць
Чужой душы халодны лёд,
Калі каханне яна славіць,
Калі вітае крыгаход.

І нават, калі ціха шэпча
Аб прабачэнні ўсіх грахоў,
Ці то глядзіць на сіні вечар,
Ці марыць пра сваю любоў,

Душа жыве і дарыць словы
Другой душы ва ўсе вякі.
І дзякуй ёй, і дзякуй мове
За вершаваныя радкі.

14.

Дзіка свішча вецер у пустых дварах,
Зарастаюць хаты горкім палыном.
Жыць перашкаджае неймаверны страх.
Ціха выміраем, ціхенька жывём…

Першага чэрвеня 2019 г., Радашковічы


Рецензии