Пад зялёнай гарой паэма частка шостая

ПАД ЗЯЛЁНАЙ ГАРОЙ

Паэма

Частка шостая

Баліць...

1.

Зарастаюць хаты горкім палыном,
Дзіка свішча вецер у пустых дварах.
Ціха выміраем, ціхенька жывём,
Жыць перашкаджае неймаверны страх.

2.

Стаяць крыжы нямымі сведкамі
Спрадвечнае мае зямлі.
Стаяць ля вёсак так і з кветкамі,
Што тут ніколі не цвілі.

Над імі неба нахілілася,
Каб прыгарнуць цябе й мяне,
Ці толькі каб не паўтарылася
Бяда на роднай старане.

Стаяць крыжы нямымі суддзямі
Гаротных лёсаў між лясоў.
Ці будзем жыць яшчэ, ці будзем мы
Чуць рэха звонкае вятроў?

Стаяць ля вёсачак пакінутых
Нямымі сведкамі часоў...
А восень так дрыжыць асінамі,
Што я расплакацца гатоў.

3.

Пажоўклы маліннік ля хаткі старой.
На лаўцы – старая бабуля.
Лісічкі ды рыжыкі – цэлай гарой,
Часнок, буракі ды цыбуля.

"Скажыце, бабуля, а яблычкі ёсць?" –
Спынюся ля тое бабулі.
"Няма, але будуць, калі гэта госць…"
А вы хіба іншае чулі?

Чуллівая, добрая наша зямля
З бабулямі – сведкамі веку.
Вазьму, хоць не трэба, бо гэтак і я
Дару свой радок чалавеку…

4.

Апошняе сонейка зноў залівае раніцу.
Асінкі дрыжаць, размаўляюць з сяброўкай-бярозай.
А клён плача лісцем, нібыта кастрычнікам ранены.
І пахне паветра вятрамі і быццам марозам.

Апошняе сонейка гляне ў душу мне вачыма –
Бяздоннымі, светлымі, чыстымі і залатымі.
І я разумею, што сонейка – гэта Радзіма,
І я размаўляю з асінкамі тымі святымі…

5.

Так цяжка на душы,
Калі хварэе мама,
Калі ў маёй глушы
Мне не дайсці да храма.

Але калі й дайду,
Чым храм ёй дапаможа?
Як гэткую бяду
Адолець, мілы Божа?

Прашу, каб пажыла
Яшчэ на свеце белым…
Іду я ў край сяла
Па лісці абляцелым.

Іду я ў край сяла,
І гоніць лісце вецер…
Хачу, каб пажыла
Яшчэ на белым свеце…

6.

Люблю сваю маленькую прастору,
Дзе вочы не сурочацца нічым:
Ні хатамі, ні асабістым горам,
Ні хмаркаю над лесам залатым.

І што з таго, што сэрца не спазнала
Нідзе дагэтуль шчасця і пяшчот?
Маленькая прастора паказала
Так неабходны сэрцу паварот

Да лепшага, да той шчаслівай долі,
Дзе вочы не сурочацца нічым:
Ні ветрыкам гарэзлівым у полі,
Ні зайздрасцю людскою без прычын.

7.

Над Айчынай маёй сумотнай –
Лістападаўская завея.
Яна пахне травой вільготнай,
Яна нібы – мая надзея,
Што таксама ляціць і ўецца,
Поўніць светам маю душу.
Я гляджу на яе. Здаецца,
Не пра снег, пра сябе пішу.
Недзе там над зямлёй высока
Белы снег, што нясе спакой.
Мне ніколькі не адзінока,
Бо Айчына мая – са мной.

8.

Вось так памру, не прыйдуць людзі.
Калі хто й прыйдзе, – паглядзець.
Сярод людзей мяне не будзе.
А нехта іншы – будзе пець

Пра снег, пра студзеньскія елкі,
Пра шчасця светлыя дзянькі,
Пра чарку – не маёй! – гарэлкі,
Пра поціск – не маёй! – рукі.

9.

Над Беларуссю зноў снягі
Ляцяць і падаюць павольна.
У снезе рэчак берагі.
Якое белае раздолле!

І шэра-белы далягляд,
І шэрань зімняга паветра,
І ў шэрані бярозак рад,
І шэры дзень пад шызым ветрам.

І ў дзіўнай шэрані зімы,
У колеры маёй Айчыны
Плывуць мышастыя дымы
Ў прастор нябёс імгліста-сіні.

10.

Амаль ніхто на мове не гаворыць
На беларускай, на дзяржаўнай, роднай…
І толькі творцы нешта яшчэ твораць
На выдуманай імі ці на годнай…

Але й яны не надта размаўляюць.
Бо як тады прыладзіцца да ўлады?
Іх ніадкуль пакуль не выганяюць,
Але… каб не пазбавілі пасады.

Таму маўчыце! Уступайце ў члены
І за дзяржаўны выдавайце кошт
Напісаныя моваю “нятлены”.
А што яна знікае, ну, дык што ж?!

Таму і гром грыміць, нібы пагрозы,
Па-беларуску, ведаў каб народ,
Што Беларусі белыя бярозы
Не схіляцца ніколі ад нягод.

Перажывуць і тых, хто быў не з імі,
Калі ім так хацелася спяваць!
Усё мінецца, як мінаюць зімы…
Але ці зможам нацыяй мы стаць?

11.

Што мне прэміі, што медалі,
Калі мама не скажа: “Сыночак,
Гэты вершык аб нашай зямлі
Раскажы ты яшчэ мне разочак…”?

Што мне прэміі, што медалі,
Калі снег так сваволіць над полем,
І бяздонных нябёс матылі
Ўсё трапечуць над ціхім раздоллем?

Што мне прэміі, што медалі?..
Мама слоўца мне больш не падкажа
Ні пра колер вясновай раллі,
Ні пра водар лазовае пражы,
Калі ў поплаве лозы цвілі…

Што мне прэміі, што медалі –
Без матулі на роднай зямлі?..

01.06.2019 г.


Рецензии