Пад зялёнай гарой паэма частка пятая

ПАД ЗЯЛЁНАЙ ГАРОЙ

Паэма

Частка пятая

Мроі

1.

Памяці майго школьнага настаўніка
Рафаэля Сямёнавіча Батвінніка

Рафаэль Сямёнавіч казаў:
“У цябе ёсць талент, Баравіцкі!”
Але ж, пэўна, вельмі добра знаў,
Як за гэты талент трэба біцца.

Не дакажаш, і не трэба, не!
Бежанцам, уцекачом на свеце
Быў і ён калісьці на вайне:
“Каб яна згарэла! Голад, дзеці…”

І пасля – у роднай старане –
У сябе ўцякаў, як ад навалы,
Калі нейкі дурань памяне,
Што “жыды нам жыць перашкаджалі”.

Ён вялікі талент меў – цярпець,
Тых вучыў, хто да святла імкнуўся.
Пра святло таксама буду пець,
Каб і там ён песні – усміхнуўся.

І нібыта ў вырай жураўлі,
Адляцеў і ён – пад час урока –
У краіну вольную зямлі
Запаветнай – да свайго прарока…

2.

Спачувай чужому гору,
Паважай усіх людзей
І дары сябе прастору
Новых думак і ідэй!

Ну, а крытык няхай крые
На чым свет стаіць. Дарма!
Бо у крытыкі йдуць тыя,
Ў каго таленту няма.

3.

Вёска мроіла пад сонцам,
Грэла яблыня свой бок,
І цвіла вясна… Ды стронцый
Тую яблыню апёк.

Дзе ж вы, мары? Дзе ж вы, мроі?
Зноў на свеце ўцекачы.
Людзі, як зямлі ізгоі.
Хаты ёсць, а дзе ключы?

Дзе ключы ад лёсу-долі,
Шчасця на сваёй зямлі?
Вецер-смерць гуляе ў полі,
Гне таполі. Жураўлі,

Вы навошта прыляцелі?
Тут трагедыя! Вада,
Як атрута! Што хацелі?
Мірны атам? Ён – лухта!

Вёска мроіла пад сонцам.
І каштэля грэла бок.
І цвіла вясна… Ды стронцый
Тую яблыню апёк…

Мару жыць у чыстым свеце,
А не ў смецці. Чалавек,
Чалавекам на планеце
Будзь, каб доўжыўся твой век!

4.

Да прагрэсу мы імчымся,
Мужная мы нацыя!
Мы ніколькі не баімся
Гэтай радыяцыі!

5.

Мой народ жыве не бедна:
Сала есць і бульбу есць.
Што ні дай, усё бясследна
Ў нас знікае: ці па шэсць,

Ці па восем, ці па дзесяць,
Ці па дваццаць два рублі.
Цэннік хай любы павесяць,
Грошы толькі каб былі!

Калі ж хто не мае грошай,
Працаваць няхай ідзе!
Будзе горад наш прыгожы,
Вуліцы няхай мяце!

А калі не хоча месці,
Значыць, гэта – дармаед!
Мы дадзім такому есці,
Будзе лодару – абед!

А то ёсць яшчэ мастацтва:
Вершы пішуць ці пяюць.
Што, без працы будуць шляцца?
Вуліцы няхай мятуць!

А то кажуць, што ў раёне
Працы ім, глядзі, няма.
Праца ёсць заўжды – на зоне,
Лета гэта, ці зіма.

Дармаеды, абдзіралы,
Крывапіўцы, лайдакі!
Колькі ім ні дай, ім мала!
Каларадскія жукі!

6.

Дзякуй бабе за казу
І за яйкі – дзеду!
За падаткі у казну
Дзякуй – дармаеду!

7.

Мару раніцай прачнуцца
І пачуць, – няма вайны,
І жыты пад ветрам гнуцца,
І зямлі маёй сыны

Пожні косяць, і будуюць,
Здабываюць соль зямлі,
І на фабрыках працуюць,
І спяваюць жураўлі.

І паэт тут вершы піша
Пра каханне, ці пра лес,
І вакол – такая ціша,
Нібы край мой уваскрэс!

І няма ні дармаедаў,
Ні знясіленых кароў,
І ні атамнага следу,
Ні бязглуздзіцы – слядоў.

Што жывы наш Багдановіч,
Не павешаны – Кастусь,
Што квітнее край сасновы,
Расцвітае – Беларусь!

8.

Я участак узяла,
Пра гурочкі мроіла.
Гною добра я дала,
Зараз ён – угноены.

І ці дождж які, ці хмары,
Я той гной варочаю.
Ой, вы, мары мае, мары,
Мары вы дзявочыя!

01. 06. 2019 г.


Рецензии