Пад зялёнай гарой паэма частка трэцяя

ПАД ЗЯЛЁНАЙ ГАРОЙ

Паэма

Частка трэцяя

Песня

1.

Шчыміць душа аб незваротным –
Дзяцінстве босым у пасёлку
І цыпках на нагах на нашых,
Вянках купальскіх на варотах…
Я помню бацькаву двухстволку
І лужыну ля бабы Гашы…

Шчыміць душа аб незваротным –
Аб першых вершах у раёнцы,
Аб маме, Рабцы і даёнцы
З духмяным пенным малаком,
Аб драніках – яшчэ з дымком,
Варэнні з сліў на керагазе,
Уроку першым, першым разе,
Калі ішоў у школу ў вёсцы,
Прапушчанай у вершы косцы…

Аб незваротным, дарагім
Дзяцінстве залатым маім
Шчыміць душа…

2.

Ой, цвіце каліна дзесь на паплавах.
Дагніваюць хаты ў горкіх палынах.
Могілкі на ўзгорку, гурбачка бяроз,
А на сэрцы горка, і ў душы – мароз…

Бандарэнка Валя летуе яшчэ.
Як крыніца наша? Зарасла? Цячэ?
Мілы, родны Чаплін, як ты там, куток?
Мне б тваёй вадзіцы выпіць хоць глыток…

Ой, цвіце каліна дзесь на паплавах.
Дагніваюць хаты ў горкіх палынах…

3.

Мінае ўсе, і ўсё праходзіць.
Жыццё бяжыць з крутой гары.
Дзяцінства толькі карагодзіць,
Калі не спіцца да зары…

О, колькі песень прагучала
І змоўкла – у душы маёй!
А ёй, душы, тых песень мала,
Не наталілася – вадой
З крыніц любімай Беларусі,
Травой – з някошаных лугоў,
Ці думкамі пра лёс Марусі –
Сястры матулінай. І зноў
Складаюцца пра гэта вершы,
І песні рвуцца ў белы свет.
Няхай далёка я не першы,
Але, здаецца мне, – паэт.

Жыццё бяжыць з гары ў даліну:
То вецер, а то ціхі плёс.
І як мне не любіць Айчыну,
Калі аднолькавы ў нас лёс?!

4.

Радзіма мая дарагая,
Чаму твой народ вымірае?
Згубіў ён душу, ці прадаў?
Ці дбаў пра яе ён? Не дбаў!
Ён мовы сваёй адцураўся,
Нібыта з матулі смяяўся…

5.

Ні аб чым спяваюць песні,
Ні аб чым народ гудзіць!
Мой народ, прашу, ўваскрэсні!
Хопіць горкую нам піць!

Хопіць нам скакаць пад дудку
На дажынках. Трэба жаць!
На адзіную мінутку
Супыніцеся скакаць!

Зноў жа будуць гразнуць ногі –
У разбітыя дарогі,
Зноў жа будзе сохнуць лес…
Не для гэтага ўваскрэс
Божы сын і чалавек!
Прагуляеце свой век!

Мала вам дажджоў тых чорных,
Што з чарнобыльскай вады?
Дзе ж узяць нам непакорных?
Дзе збаўленне ад бяды?

6.

Ой, цвіце каліна дзесь на паплавах…
Ну, навошта гэты – атамны – нам жах?
Не заробім, кажаш, мы нічым на газ?
Дык навошта, людзі, Беларусь у нас?

7.

Ні аб чым спяваюць песні!
Хто вам плаціць, песняры?
Мне – вясёлка, вечар весні
І салоўка – да зары!

Чым вам плацяць? Медалямі?
Ці выданнем вашых кніг?
Мне – сябры мае вачамі:
Загараюцца на міг!

І куды вы тую плату?
На Канары, ці на хату,
Ці сабе на маўзалей?
Ну, спявайце весялей!

8.

---

Усё пелі б вы і пелі,
Усё б весяліліся!
І пілі б усё і елі,
Што з гары звалілася!

9.

Я гляджу, як нашы бабы
Цягнуць лямку праз жыццё.
То нап’ецца гэты д’ябал,
Што ўпадае ў забыццё,
То халера яго носіць,
Немаведама дзе з кім.
Прабачэння не папросіць,
А цярпі, жыві з такім!

Зарабляюць менш жанчыны,
Чым такія вось мужчыны,
І жывуць, дык не шыкуюць,
І працуюць, і пяюць,
А яшчэ дзяцей гадуюць…
Дзякуй Богу, што жывуць!

10.

Беларусь – жанчына,
Бо яна – краіна.
А няма жанчыны,
Згіне і народ.
А няма народа,
Згіне і краіна.
Хай расце каліна,
Хай цвіце жанчына,
Хай жыве Айчына –
Наша Беларусь!

11.

Мама, скажы мне слова,
Якога яшчэ не чуў…
Мама мая і мова,
Гэта я вам крычу!
Мама, Радзіма, мова –
Гэта жыцця аснова.

Мамы няма ўжо… Слова
Маміна ў сэрцы болем,
Болем гучыць, як звон.
Мама, зямля, і воля,
І песня – жыцця закон.

12.

Ой, цвіце каліна дзесь у паплавах…
Маладая мама – у вясновых снах.
Ягад нібы хмелю будзе гэты год.
Як у маму, веру я ў цябе, народ!

28 траўня 2019 г.


Рецензии