Пад зялёнай гарой паэма частка другая

ПАД ЗЯЛЁНАЙ ГАРОЙ

Паэма

Частка другая

Воля

Памяці майго бацькі Елісея

Вольны вецер напеў вольных песень табе…
Янка Купала

1.

Шырокае поле: ідзі, куды воля…
Свабода – вялікая рэч!
Ды толькі такая ўжо выпала доля,
Што гоняць свабоднага прэч.

Не кожнаму вольны
Куток наш раздольны:
Не хваліш уладу, маўчы!
Прастольнае свята
І горад прастольны
Рыхтуюць табе калачы!

Не лезь нікуды, не шукай ты на шыю
Ніякай пятлі ці ярма.
Ад волі адборачнай – Бог цябе крые!
Бо воля такая – турма.

Не кожнаму вольны
Куток наш раздольны:
Не хваліш уладу, маўчы!
Прастольнае свята
І горад прастольны
Прастолу ўручылі ключы!

2.

Жыць перашкаджае паднявольным страх.
Вольнаму ў нас воля – у пустых палях,
Дзе шалёны вецер з горкім палыном,
Дзе адзін на свеце, вольніца – кругом.

3.

Свабода народа – свабода адзінак,
Не воля ўсяго аднаго!
Як снег, што складаецца з мноства сняжынак,
Тады мы і бачым яго,

Любуемся ім і яго адчуваем,
Калі яго ў рукі бяром.
Таму й незалежнасць сваю адзначаем,
Калі мы свабодна жывём.

4.

Дарэмна гумавыя палкі
Тыранаў разганяюць нас,
Дарэмна бліскаюць мігалкі,
Бо кончыцца дэкрэтаў час!
Скуваць народу рукі й ногі, –
Не думкі вольныя скуваць!
Да волі мы свае дарогі
Праз цемру зможам адшукаць!

5.

Горкі пах каліны белай,
Нібы зноў глытаеш слёзы
Той зімою ашалелай,
Дзе замёрзлыя бярозы
Плакалі ля роднай хаты.
Снежань. Мы хавалі тату.

На вайну ён быў узяты
Хлапчуком яшчэ саплівым
І прайшоў усю. Дахаты
Зноў вярталіся салдаты,
Да сваёй жытнёвай нівы.

Снежань. Мы хавалі тату.
Ён быў вольны чалавек,
Хоць і меў кароткі век.
Вольны бацька быў душою,
Не хіліўся галавою.
Ён за волю ваяваў!
Недзе ў небе атрымаў.
Толькі там ніхто не дзеліць
На кавалкі наш прастор.
Застаецца толькі верыць,
Каб ляцець душой да зор.

Горкі пах каліны белай,
І стары глытаеш слёзы,
Як зімою ашалелай
Там на могілках бярозы.
Снежань. Мы хавалі тату.
Памяць вечная – салдату!

6.

Зарасла ўжо хата горкім палыном.
Ты даўно не з намі. Мы з сястрой жывём.
Як вы там з матуляй? Вольна там, ці не?
Свішча вецер куляй. Не адкажа мне…

25. 05. 2019 г.


Рецензии