Пад зялёнай гарой паэма частка першая

ПАД ЗЯЛЁНАЙ ГАРОЙ

Паэма

Частка першая

Зямля
                Генадзю Раманаву

1.

Сваёй ніколі не было
На доўгай памяці маёй.
Кавалак быў, было сяло
З калгаснай – нічыёй – зямлёй.

Спачатку сотак дваццаць пяць,
А потым – сорак, пяцьдзясят.
Ні дакупіць і ні прадаць!
Гадуйце, людзі, парасят!

Але пад хату, хоць не брат,
Не сват, ды выдзеліць калгас,
Ні больш, ні менш – такі загад.
Дзяржава шкадавала нас!

Не лепш і зараз, зараз зноў:
Будуешся? Шукай мільён!
Ужо хапае ў нас паноў!
Зямлі табе? Аукцыён!

Адзіны толькі беларус
Зямельку дзеліць з году ў год,
Бо легітымны ён, Ісус,
А ўсе астатнія – народ.

Сваёй ніколі не было.
Хіба памрэш, тады дадуць…
І закапаюць за сялом,
Праводзяць – у апошні пуць.

2.

Ціха выміраем, ціхенька жывём.
Жыць перашкаджае невымоўны страх.
Зарастаюць вёскі горкім палыном.
Свішча дзікі вецер у чужых палях.

3.

Сябар у мяне – Генадзь.
Ён зямелькі рад бы ўзяць,
Толькі побач ёсць калгас,
Што клапоціцца пра нас.

Абасраныя каровы,
Але ім патрэбны ўмовы:
Пасвіць трэба, трэба луг.
Так што ім не друг твой плуг!

Калі б хабар фермер даў,
Дык тады б зямелькі ўзяў.
Ці калгас падняў бы ўбіты,
Быў бы ён з дзяржавай – квіты.

Саджанцы пладовых дрэў
Ты садзі сабе за хлеў
І не лезь у наш калгас,
Бо на тое ёсць – Указ!

Сябра мой (завуць Генадзь)
Мог бы той калгас падняць,
Ды не хоча быць рабом,
Вось таму і б’ецца лбом

У сцяну неразумення.
Страчанае пакаленне!
Бач жа ты, зямлі ім дай!
Разрабуюць родны край!

4.

Дзікі вецер свішча ў нічыіх палях.
Зарастаюць мары горкім палыном.
Жыць перашкаджае нейкі смешны страх,
Але жыць патрэбна, вось мы і жывём…

5.

Без зямлі жыве, без мовы
Мой народ, нясе аковы.
Сож, Дняпро, Дзвіна і Нёман
Чуюць сумны плач і гоман.
Зарастаюць палыном
Хаткі ў вёсачках кругом.
Бо законы не ўкладае,
Пра сябе народ не дбае.
Зарастаюць вёскі зеллем,
Бо таксама анямелі,
Як народ мой, што без мовы,
Да ўсяго ў жыцці гатовы…

6.

Жыць перашкаджае ненармальны страх,
Гне, хвалюе вецер жыта у палях.
Зарастаюць сцежкі, параслі быллём,
Горкая усмешка, што яшчэ жывём…


Рецензии