Пад зялёнай гарой паэма уступ
Майму народу
Паэма
Уступ
Табе, народ мой, згібнуты ў аковах…
Янка Купала
1.
Дзіка свішча вецер у пустых дварах,
Зарастаюць хаты горкім палыном.
Жыць перашкаджае неймаверны страх.
Ціха выміраем, ціхенька жывём.
2.
Ні з якога боку не ідуць чужынцы.
Дык нашто байніцы межы берагуць?
Ці то цар баіцца, ці баяцца прынцы,
Ці таго баяцца, што рабы збягуць?
Не, не запануеш ты у краі родным,
Будзеш пагаджацца на любы закон,
На ярмо любое, шлях антынародны.
Кажаш, было дзесяць? Будзе і мільён!
3.
І не чужак запрог цябе ў няволю
І наразае на кавалкі лёс –
Тваю зямлю, тваю ліхую долю.
Не, гэта кара жорсткая нябёс
За тое, што забыўся ты пра мову,
Сыноў сваіх рассеяў па зямлі…
Прымі ж маю гарачую прамову
І новы грэх – ніколі не прымі!
Не дай сабе ні згінуць, ні прапасці,
Любі сябе і маці-Беларусь!
Будуй сягоння будучае шчасце
І паважаць заўжды сябе – прымусь!
4.
Зарастаюць хаты горкім палыном.
Дзіка свішча вецер у пустых дварах.
Ціха выміраем. Ціхенька жывём.
Жыць перашкаджае неймаверны страх…
24 траўня 2019 г.
Свидетельство о публикации №119052404911