Рухавiкi жыцця
Ёсць два жыцця рухавікі!
І шлях мы выберам які -
Ў кожнага свая прычына,
Бо розныя мужы й жанкі!
Жанчына ўсім дае жыццё
Праз боль яе і праз яе пакуты.
Яна - да нас, мы - да яе прыкуты.
Ды і грамадства нават развіццё
Займела б без жанчыны смак атруты.
Мужчына болей здатны ўладарыць,
Каб стаць вышэй за ўсіх, стаць роўняй Богу!
Жанкам, Айчыне развіцця дарогу,
Каб вызначаць. І вызначаць, як марыць,
Каб да яго ішлі па дапамогу.
А ўзвышэнне ёсць гвалт над душою!
Яму падмосткам трупы ды галовы,
Бо паўстае тады парадак новы,
Ў якім мужчына сам адно з сабою
І раіцца, і вырашаць гатовы.
І колькі будзе той крыві праліта,
І колькі болю будзе на зямлі,
Ўжо не цікава... Важна, каб ішлі
Ўсе перамены, як задумаў - скрыта,
І слодыч безадказнасці б няслі.
Мужчынскі сэнс жыцця - больш разбурэнне,
Жаночы ж ёсць найболей развіццё!
Бо кожнае, народзіць што дзіцё,
Нясе ў сабе і новых дум насенне,
І новага кахання пачуццё.
Жанчыны прагнуць больш паразумення,
Каб без вайны ўзрасці магло дзіця,
Без выбухаў, без мін, іх скавыцця.
У перамовах адшукаць рашэнне
І мір вярнуць Айчыне з забыцця!
Жанчыны не рашаюць спраў наскокам,
Не з-за пляча сякуць, не каб хутчэй!
Пачуцці маюць, акрамя вачэй!
Душою згледзяць, што не ўбачыш вокам!
Рашаюць, хоць не хутка, ды ямчэй!
Таму шляхі ў дабрабыт Айчыны
Яны з мужчынамі рашаць павінны б разам,
Каб літарай закону, яго сказам,
Быў досвед маці з досведам мужчыны,
І годным стаў бы для праблем адказам!
Свидетельство о публикации №119050805531