Дзед Язэп

Жыў у вёсцы дзед Язэп,
Значны меў аўтарытэт,
Вершы дзіўныя складаў,
Гаспадарыў, паляваў.

Весяліў, смяшыў людзей —
І дарослых, і дзяцей,
Шчыра жарты раздаваў…
І з усімі сябраваў.

Што ён толькі не рабіў,
Быццам розум свой згубіў:
Апранецца маладым —
Штаны-дудачкі на ім.

Надзярэ чупрыну так,
Што смяецца аж гусак:
Не хіснецца на бачок
Лакам зліты той чубок, —

І на танцы чэша ў клуб,
Жонка лае: «Стары дуб!»,
А ён жарты раздае,
Нібы салаўём пяе.

Рассмяшыць, бывала, так,
Што забудзеш, хто і як…
Хоць пад лаўку лезь тады,
Каб не бачылі бяды…

Дзе ён толькі словы браў?
Мабыць, Божа падаваў,
Бо прыдумваў на хаду:
Пра каханне, пра нуду,

Пра калгас і пра кароў,
Пра вялізных парсюкоў,
І як трэба спраўна жыць,
І што есці, і што піць…

Як хадзіў ён на дзіка,
Як было забіў ваўка,
Ці лісіцу заманіў,
Але потым адпусціў.

Як было цягнік спыніў…
Ды як злодзея злавіў…
Рогат нёсся мо такі —
Чулі ў рэчцы шчупакі.

Толькі захварэў Язэп,
Стаў не мілы белы свет…
Не да гумару яму —
Быццам трапіў у турму.

Вёска стала сіратой
І згубіла гумар той…
Нібы вымерла яна —
Бо Язэпа ўжо няма.


Рецензии