Стась Высоцкi

Уступ

Мой родны край! К табе іду я
Ўжо больш, чым 43 гады,
С тае пары, як малады
Паверыў, што жыццё існуе,
Каб гарызонты адкрываць
І іх святло ў край родны несьці,
Ад зьмен жыцця не адставаць,
У сваім саку не стыць на месьці
А множыць досьвед, што народы
Пазналі на шляху свабоды!

Я сьвет пазнаць хацеў не з кніг.
Жыццё пабачыць за мяжою,
Ці ўсюды мернаю хадою
Яно і там ідзе для ўсіх?
Бо зьмен не ведала сяло
Дні йшлі у небыццё паволі
Іначай быць і не магло,
Як мне аб тым казалі ў школі,
Бо апякаецца ўрад
І маёй доляй акурат!

Бо будзе, як Савет Вярхоўны
Намеціць і запіша ў план,
Не турбаваўся каб Іван
Як жыць, а план выконваў поўны!
Народ жа меў штодня заботы:
Дастаць якой дзе кілбасы,
Даюць дзе ялавыя боты
І плашч балонью для красы?
Хоць духата ў ім стаяла,
Ды тое маладосць трывала.

Hарод з сяла збягаў у горад.
Дзяўчаты як і юнакі
Кідалі к чорту лёс такі
І, шлахам просьб і адгаворак,
А часам нават "падарунку"
Куплялі пашпарт і дазвол,
Спяшалі ў гарадскім кірунку
Забыць жыццё самотных сёл.
Бо радасці было нямнога,
Дзе ў камунізм ішла дарога.

Здаваўся Мінск абетаванай
Мясцінай нам у тыя дні!
Мне вуліц сніліся агні.
Яго і ліпы, і каштаны,
Што па вясне куплялі ў нас
І ў Мінск сюды перасялілі -
Аб гэтым гутарыў наш клас,
Дзядзкі ў калхозе гаварылі.
Мінск уяўляўся сьветлай марай
У параўнанні с Тучай шарай!


Кніга I

1. Дзяцінства

Дзяцінства, яснае як сонца,
Чаму не доўжышся бясконца?
Чаму няма твае пары
Даўно ўжо на маім двары..?
На ім бярозы, елкі ў неба
Растуць, як бы яно так трэба.
А на пляцы старое хаты
Расце высока дуб кашлаты.
Гамоніць з ветрыкамі ўранку
Ці ў голлі гойдае заранку,
Схавалася што ў яго шаты.
Вось выйшаў лось і рык хрыплівы
Панёс вятрыска ў наваколле.
Прыцiхлі разам лес і нівы,
Бо лось чакаў адтуль адказу,
Каб канкурэнта ззорыць зразу
Ды, пачасаўшы рог аб хвойку,
Адразу кінуцца ў бойку!
Вось так пішу і вокам бачу
Я хутар бабін, рэчку Начу,
З кілімам мяккім муражыным,
Затканым мятаю і тмінам,
З чубкамі белае сівіцы,
С травою-слёзкай ля крыніцы
Ды з парасонам валяр'яны,
Якой, панюхаўшы, як п'яны
Саснуў у момант кот ля плоту,
Рачулка ў хустачцы чароту,
Стракоз чырвоных, сініх крылы,
То жоўтых i зялёных разам,
Пазбыўшы прыцягнення сілы
Ў паветры застываюць часам!
Плывуць назад, пасля ўбок
І заварожваюць тым зрок...
Дзяцінства, што як іх крыло,
Няведама куды сплыло....


2. На хутары

На захад ад хаціны далей
Ляжаў папар. Там два дубы
Шаноўнай вартаю, як бы
Курган над Начай атачалі.
Давалі  цень і прахалоду
Надзейную ў час летняй спекі
Густыя шаты. Год ад году
Спяшала Нача ў край далекі
Бруілася па іх карэнні
Прама ў кургана сутарэнні.

Аднойчы на рачны пясок
Рака ў ножнах меч намыла
Ды ржавы штык, даўгі як шыла,
Пад ківер стлеўшы паясок.
Расказвалі старыя людзі,
Што біўся тут Пётр І з швэдам.
Таму гадоў больш дзьвесце будзе,
Зь Нясьвіжа на Палтаву следам
Ішлі за швэдамі палкі. У пешым стане
Пасекліся i на вякі заснулі у кургане.

Праз два стагоддзі казакі
Ізноў акопы тут капалі,
Хады  бярвеннем мацавалі
Чакалі немцаў з-за ракі.
Быў трэці год вайны ўсясветнай
Вільгельм - стрыечны брат Міколы,
Стаяў на Шчары і ў час летні
Здзяйсьніць надумаў план вяселы;
Разьбіўішы рускія палкі,
На Неман рушыць напрасткі.

Ды ваяваць тут не прышлося
Цар Мікалай аддаў карону
А зь ёй пабавіўся і трону
Бо так у свеці павялося.
Хаця ў Каралеўстве Польскім,
Што з ВКЛ было ў зьвязе
Палітыкай дзяржавы, войскам
Апекаваўся ў даўнім часе
Сенат. Кароль выконваў волю
Сената толькі і даволі!

Час затушыў вайны пажар
Акопы лесам зараслі
Праз іх сцяжынкі дзве вялі
Наўпрост на хутар. Колькі мар
Круцілася ў галаве малога,
Калі ён бег да бабы ў госці,
Бо зрок не прапускаў нічога,
Шукаў ці новае ёсць штосьці?
Пяшчотна кратала рука
Ў гняздзе яечкі жаўрука.

А той вісеў высока ў небе
І з песняй звонкай аддаляўся,
Каб і малы за ім падаўся,
Гняздо забыўшы ўжо на глебе.
Малы сачыў яго палёт,
Што да зямлі ніжэй спускаўся,
Счароўваў душу навылёт,
То заціхаў, то ўзмацняўся,
Іскрынкі з неба сыпаў гукаў,
Каб Стась, гняздо забыўшы, слухаў.

За ім прабегшы крокаў пяць
Малы гнязда болей не бачыў,
Хаця яго ён і пазначыў
Сцяблінкаю, каб адшукаць.
Ды песьні жаўрука ручай
Перасыхаў струменіць з неба
Сядзела птушка зазвычай
У яе гняздзе. Была ж патрэба
Яечкі  грэці цяплом цела,
Каб птушаня расці хацела.

Ды вось і хутар. Бы ў вянку
Будынкаў зрубы там прывольна
Сярод бярозак беластвольных
Стаяць нібыта ў танку.
На захад - крыты гонтам дом
У два канцы і дзве святліцы.
Веранда, сенцы. За вакном
У кусце язьвіню сініцы
Зьвілі гняздзечка ў вешні час,
Бо ціха там было як раз.

На кухню з сенцаў вядуць дзверы,
Там печ і чорны ўваход.
Ён вёў на захад да варот,
Дзе над балотам кужаль шэры
Па вечарах туману плыў.
Знікалі ў ім кусты і дрэвы.
Парой ён даплываў да нІў
І птушак заціхалі сьпевы.
Аднак да позняе пары
Таўклі мак мошкі й камары!

У памяшканні між святліц,
Што іх як бы сабой злучала,
Стаяк кафляны стаў удала,
Дзве шафы, некалькі паліц.
Быў выхад на веранду для гасцей
Вялізны фікус у кадушцы ля ўваходу.
Тут бавіў час у восень найчасцей
Стасік у дрэнную пагоду.
Праз дзіркі ў дзьверцах стаяка
Страву агню нясла рука.

На поўначы двара гумно
На ўсходзе свіран, хлеў, вароты.
У іхніх шулах без турботы
Жыла сям'я шпакоў даўно.
Аднойчы Стась да сонца ўстаў,
Залез варотамі на шула,
Яечкі ў шапачку сабраў,
Прынес у хату, каб зірнула
На іх матуля. Ды, о жах!
Апанавау малога страх.

Бо мама наказала строга
Яечак болей не чапаць
Іначай болей прылятаць
Не будзе шпак. І вельмі многа
Па сваіх дзетках плакаць будзе.
А пакуль будзе іх шукаць
Ён песьняй сонейка забудзе
Збудзіць, калі пара ўставаць.
Не ўстане сонца - будзе ноч!
У гняздо панес іх Стась, як моч!


3. Пераезд у Тучу

У лютым даў сям'і Бог прыбаўленне:
Малы, крыклівы нарадзіўся брацік
Калыска заняла вугал у хаце
Дапоўнілі пялёнкі печы аздабленне.
Было цікава, як малое цыцку ссала
І кулачкамі мяла маме грудзі
А вачанятамі на маму паглядала,
Як бы пытала ці яшчэ што будзе.
То ручанятамі лавіла валасы
Ад мамінай расплеценай касы.

Пасля кармлення засынаў Антон
Мама яго ў калыску ціха клала
І нейкі час паціху калыхала
Пакуль не наступаў спакойны сон.
Сястра Марыйка, іншым разам Стась
Яго, як прачынаўся, калыхалі.
Калі ж Антось не спаў, то тата Ясь
На скрыпцы граў там, хадзячы  па залі.
Малы сціхаў, пачуўшы скрыпкі звон,
Бо музыкалны слух ужо тады меў ён.

Часамі прыязджалі з Тучы госці:
Калодачка Валодзік, Колік кавалёў,
Ён на гармоніку граў проста будзь здароў
Калодачка ж на барабане грукаў штосьці.
Лілася музыка праз вокны на прастор
Ёй падпявалі жаўрукі ў небе
Гайдаў на лапах яе рэха бор
І водгук паднімаўся краскамі на глебе.
Бо мухыкаўсё наўаколле ажыўляла
І радасныя слёзы выбівала.

Нібы з якой чароўнай табакеркі
Ліліся гукі стройныя на волю
Пра час былы, пра радасную долю.
Усё паланэзы, вальсы ды абэркі.
То па де грасс, то полька- завіруха,
Лявоніха, кадрыль за ёй гапак
Былі б да густу й гарадзкога зуха,
А пад канец канцэрту - кракавяк!
Правай за талію а левай за руку
Хадзілі пары далікатна ў танку!

Зіма згасала. Плыў па Начы лёд.
Журчэлі між бярозак ручаіны.
Прынесла радыё цудоуныя навіны;
Сталін памёр і уздыхнуў народ.
Стаў Маленкоў ужо Прадсаўнаркома,
Сакратаром КПСС Мікіта стаў Хрушчоу
Знік Берыя кудысці невядома,
Як дзесяць год таму прапаў Яжоў.
Правадыры ўпотай ад людзей да рана
Дзялілі спадчыну памерлага тырана.

Прышла вясна. Падсохлі слёзы
У школьнікаў. Бо плакалі з нагоды
Канчыны Сталіна ўсе эСССР- народы
Нягледзячы на моцныя марозы.
Жыццё запланаванай каляінай
Паўзло без Сталіна няўдала, як пры ім.
Народ заняты думкай быў адзіна,
Як выжыць бы ў сацыямізме тым.
Бо нават хлеба людзям не хапала
Яды ж сістэма картак не давала.

Ў канцы сакавіка на двор заехаў воз
І ўсё дабро сям'і на воз той загрузілі
Антося ў ночвах зьверху палажылі
І рушылі пад звонкі стук калёс.
Бывай прытулак мар! Шчаслівыя дзянькі
Стась зведаў тут не раз вясноваю парой,
Калі збіралі сок з бярозаў у збанкі.
Там, дзе сок кіслы быў,  біў гладышы "герой".
Казала маці і суседзі так казалі
Што мабыць гладышы каровы патапталі.

Бывайце сябрукі! Мы весела гулялі
Між хвоек і бяроз шукаючы чарніцы
Бляск дыяментных рос нам будзе вечна сніцца
І сонейкі суніц, што ў промнях росаў ззялі.
Да Курачыцкіх там вяла канава,
Гайдаў пад хвойкай Ясь акружную дзятву.
На елку Стась залез. На самы верх, праява,
І шышкі там зрываў, задраўшы галаву.
Убачыўшы яго на елцы, аж знямела
Матуля, баялася што ўпадзе няўмела.

А вось і Туча. Двор, адрына, пограб, хлеў.
У вяночку з клёнаў за бярозай белай хата,
На горцы груша тоўстая кашлата
Трымае глебу. А на ёй свой новы спеў
Адладжвае ўжо шпак за нотай ноту
І, каб хутчэй пазбыць тую заботу,
Рулады ў наваколле сыпле з дрэў.
То яўкне кацянём, сарокай застракоча,
То пяным дзецюком нястрымна зарагоча!


4.Бацькоўская хата

Дзяцінства Стася дзень за днём
Цякло нясьпешнаю хадою...
Аддаў бы многа ён за тое,
Каб зноў убачыць двор і дом
З двумя клянамі, бы ў вяночку
А спераду бярозы шаты,
Дзе мама першаму сыночку
Гарод садзіла каля хаты:
Цыбулі, буракоў, фасолі
Расло на градках там даволі.

Стась там  любіў гуляць адзін
І вырываць, як мама, зёлкі,
Але пасля яго праполкі
Не рос там болей і палын.
Быў пляц гатоў для новай буды.
Ён розных палак меў даволі -
То былі тычкі ад фасолі,
Што Стасік вырываў усюды.
Вялікай не рабіў бяды -
Яму хапала з поўграды!

Мінула год ці паўтара
І Стась асвоіў агарод.
Затым ён выйшаў у народ
На вуліцу, дзе дзетвара
Гуляла ў хованкі, ляпіла
С пяску і замкі, і палацы
І цэлы дзень гуляць любіла
Пака бацькі былі на працы,
Але кідалі ўсё на месці,
Як мама клікала іх есці.

Затым у позні надвячорак,
Забыўшы ўсё, хацелі спаці.
Хоць ногі мыць казала маці
Спрытней нават самых вавёрак
Мы заляталі у пасцелі
І засыналі на хаду
І есці нават не хацелі
Парою на свю бяду,
Бо мама ўсё-такі будзіла
І ўсё роўна ногі мыла,

Дзень новы пачынауся ціха
Бразгала брамка ад варот
І за кульбакай напярод
Ступала баба Адасіха-
Матуля майго бацькі Яся
Жыла, што на другім канцы.
Прыходзіла, каб клікаць Стася
К сабе дадому на блінцы.
Стась рады быў таму паходу,
Бо да блінцоў давала й мёду!

Аднойчы з бабай Адасіхай
Стась рушыў порстка са двара,
Бо есці мёд была пара.
Ды па дарозе Мазурыха -
Сяброўка бабіна сядзела.
Прыстала баба сама к ёй
І слухаць Стася не хацела.
Бабулю Стась кульбакай той
Чуць падагнаў. Бо бавіць час
На плёткі не хацеў якраз!

Бабулю злосць апанавала
Яна зайшлася у праклёне
Яго Стась помніць да сягоння
І як яна тады крычала.
Ды ўсё прайшло, як навальніца,
Што грымне чуць і ўжо сіхае,
Нядоўга так магла сварыцца
Бабула, бо была не злая.
Стась, перажыўшы гэткі жах,
Не захацеў прадоўжыць шлях!

Нядзелю, можа нават болей
Стась к бабе не хадзіў у госці,
Але пасля, паняўшы штосці,
Пайшоў да бабы сваёй воляй
І, яшчэ чуць адкрыўшы дзьверы,
Прасіў у бабы прабачэння:
Няхай яна яму дасць веры,
Шкада што і яму здарэння!
Бабуля хай забудзе тое,
Бо ён жа ёсць дзіця малое

На тым закончыўся паход,
Прабачыла бабуля ўнука,
А Стасіку была навука
На многа часу напярод,
Што нават калі бачыш вокам
Ты мэту, бегчы не спяшайся,
Прыкінь шлях лепшы, ці далёка?
І тады толькі  адпраўляйся!
Бо ўсё ў жыцці йдзе па закону:
У спешцы не бывае плёну!


5. Паход у Руду

Наш Стасік сталым стаў даволі
Чатыры   ўжо яму гады,
Дарогай, што вядзе па полі,
Ідзе ён з Тучы да Руды.
Сядзець не хоча адзін дома.
Хады ўсяго гадзіны з дзьве
Дарога добра ўся вядома,
Як карта ў хлопца ў галаве.
Ідзе пад спевы жаўрука
Праз поле да Маладніка.

Хадзіў ён з мамаю не раз
К Раінцы бабе несла мама.
Вяла дарога, помніў, прама
Ўскрай лесу і на пералаз.
За ім Раінкі бабы дом,
Далей лужок і речка Нача
Цячэ, звіваецца вужом
То па каменні скача.
Бярозак белых гурт вясновы
Збягае пад ялінаў сховы.

Садок вядзе ад дому к Начы,
Антонавак там дрэвы тры,
Наліву белага шары
Прывабліваюць зрок дзіцячы.
Сінеюць слівы. Сонца блікі,
Прабіўшыся праз дрэваў шаты,
З званкоў, рамонкаў, павілікі
Кілім расцьвецілі багаты.
А язьвінь аздабляе дом
Бутонаў срэбраных кустом

Ад хаты вузкая сцяжынка
Зьбягае ў сад пад кроны дрэў,
Пад салаўя вясновы спеў.
І да крыніцы, дзе Раінка
Бярэ ваду. Яна ў крыніцы
Халодная і ў спёку лета,
Калі так хочацца напіцца
І смага сонцам так сагрэта,
Што за глыток тае вады
Аддаў бы й золата груды!

Крынічка ў Начу выцякала,
Дзе ў ямах і вірах ракі
Жылі язі ды шчупакі
І ракаў там было нямала,
Вусатых чорных ды з кляшнёю
Таўшчэйшай чым рука у Стася.
Рак рыбак перашчыквау ёю,
Як яму лоўля ўдалася.
Былі там мянтузы, ліні
І процьма плотак ва ўсе дні.

Там косы распляталі плыні
Русалак, што ў вірах жылі.
Дзяўкі то сельскія былі,
Якіх змануў і жорстка кінуў
Сядзець адну часам з дзіцём,
Забыўшы клятвы ўсе каханы.
Яна ж, жыла што пачуццём,
У рацэ гаіла сэрца раны.
Русалкаю рашыла стаць,
Каб яго ноччу ўпілнаваць.

Калі ж ён прыйдзе да ракі
Лавіці рыбу ці напіцца,
То могуць неўспадзеў з'явіцца
Русалкі тонкіх дзве рукі.
Халодныя, як быццам з лёду,
Так цесна шыю абаўюць
Зацягнуць здрадніка у воду
І скончыць  ён жыццёвы пуць!
Даволі страшнае паданне
Пра вераломнае каханне

Каханне ж - пачуццё святое!
Русалак Стасік не сустрэў
Ды і жаданнем не гарэў
Пабачыць ноччу  дзіва тое.
Ён болей верыў, што іх душы
Перасяляюцца ў стракоз,
Што расцьвітаюць нібы ружы
Зляцеўшыся на ціхі плёс.
Зялёна-сінія з адценнем
З празрыстых крылаў шапаценнем

І з галавой, бы ў верталёце,
З цёмна-бліскучымі вачыма.
Яны ўсё бачылі, што міма
Іх праплывала ў палёце.
Як ветрык крылаў шапаценне
Чутно было, як  застывалі
Шчапіўшы целы на імгненне,
І ў люстра вод нырца давалі
Адны, другія ж адляталі ўбок
Што нават не лавіў іх зрок.

А тыя, што ў вадзе зьнікалі,
Былі русалак душы гэта.
Іх сэрцы адагрэла лета,
І на адзін дзеь яны сталі
Ізноў жывымі. Узляцелі,
Каханака між жывых шукаці,
Каб яму крылы шапацелі,
Слывамі першымі дзіцяці,
Што мець не прагнула багата:
Матуля каб была і тата!


6. Kалгас "Чырвоны партызан"

Быў красавік. Яшчэ не стаяў снег
Ад сонца ён хаваўся за платамі,
Хрумсцеў падмёрзлы ў ранку пад нагамі
Званіў  "кап-кап" - пад сонейкам са стрэх.
Штораніцы паліла мама ў печы,
Пякла аладкі з пытляванае мукі,
Мачанку смажыла, жылі не ў галечы
З баршчом і з бабкай пражыла гаршкі.
Чыгун вялікі бульбы там варыла,
Каб ежы для сям'і на дзень хапіла.

Матуля Воля была статная кабета:
Рост не малы -  аж метар 62
На лебядзіна стройнай шыі галава
Нясла вянок з двух кос пад колер лета.
Высокія, жанкам на зайдрасць, грудзі
З асінай таліяй прывабна стройны стан.
Як ворана крыло разлёт брывіны будзе,
Што песьціць  карых воч бяздонны акіян.
Хадою лёгкая, нібы вятрыска ў полі,
Была адметнай ад усіх жанчын даволі.

Увішна прала і ўмела коўдры ткаць
На кроснах усю зімку да вясны.
А для дзяцей, каб прыляталі сны,
Казала казкі і любіла напяваць
Чысцейшым, як вада з крыніц, мецца-сапрана
"Купалінку" ці "Сьпі каток мой, люлі-люлі",
"Пасеяла гурочкі",  "Ой, рана на Йвана",
Што людзі ход спынялі, як іх чулі.
Бо гэтулькі цяпла няслі напевы тыя,
Як быццам сам Арфей пеў ноты залатыя.

Расла хоць сіратой яна ў бабулі з дзедам
І ўжо з сямі гадоў запрэжана ў работы,
Да сэрца блізка і жанок другіх заботы
Прымала і нясла для іх парады следам.
Дзяцей любіла болей за сябе,
Давала ім спакой і абарону,
Падтрымлівала дух іх у журбе,
Жыла з другімі па дабра закону:
Калі магла, то шчыра даравала,
Каб жменя для дароў не пуставала.

Па вечарах збягалася дзятва
Сяброўкі Машкі і да Стася- поўна хата.
Ігралі музыку Ясь з Колікам багата,
Што часам аж звінела галава.
Гулялі ў жмуркі. Іншы раз прыгоды,
Расказваў Ясь, вясельныя здарэнні,
Што сьведкай бачыў у былыя годы
І выпадкаў камізм расказу быў карэннем.
Прыгоды ж Ясь апавядаў настолькі ўдала,
Што ўся кампанія ад пуза рагатала.

Праз год па пераезду ў Тучы стаў калхоз
Бясплатна туды коней паздавалі
"Людовы дом" ці клуб на стайню разабралі
На агародах канапляны лес парос.
Каноплі сеялі, каб віці з іх канаты,
Патрэбныя ў карабельным дзелі.
Райком так прыказаў і тэмпы былі ўзяты
Высокія, хоць сеяць людзі не хацелі.
Але прыказ далі бальшавікі
Каноплю сеяць! Можна ткаць з яе мяшкі.

Прышла з райкома з Клецку пастанова:
"Стварыць "Чырвоны партызан" калгас,
Каб кожны член яго без кошту ў блізкі час,
Палеткі і цягло ўнёс бы адмыслова.
Лаўрын Якубчык яго будзе старшынёй
А брыгадзірам выбраць Заяленчыка Івана!".
Былі бо галата, хоць мелі  кожны свой,
Надзел і не малы, ды хлеб канчаўся рана.
Як мокрае гарыць - абудва працавалі,
Зямельку ж пад працэнты ў арэнду аддавалі.

Калгас для яго членаў стаў як бы сям'я,
Жыццё ж зрабілася  ад партыі залежным.
Калгаснік працаваў на полі ўжо бязьмежным,
Ды вызначаў райком сяўбы час і жніў’я.
Ў калгасе селянін прынуджаны  быў красці
Бо мераю работ пусты быў трудадзень
І хто не працаваў, ды краў – той жыў у шчасьці
А добры гаспадар не меў хлеба на дзень.
І толькі старшыня за новага жыў пана,
Бо на яго загад было ўсё аддана!

Калгаснік жа карміўся з агароду,
Надзел у 20 сотак кожны меў
Раслі звычайна там пару садовых дрэў
Між імі бульба. А стаццёй даходу
Былi карова, парсюкi, курыны статак.
Iх ды сьмятану, мяса з салам прадавалi.
Хоць не вялiki, але ўсё ж дастатак,
Бо грошай у калгасе не давалi.
Без пашпартоў жылi i лепшай долi
Шукацi не маглi, жылi бо ў няволi.

Пасля Лаўрынавых пагрозаў доўгі час ,
Зямлю, каня i воз, адно каб было цiха,
Здала ў калгас матуля бацькi, Адасiха,
А бацька Стася не  ўступiў сам у
калгас.
Служыць нягоднiкам лiчыў ён за абразу,
Бо хто гулякай быў, той жыць не ўмеў!
Ён верыў, будзе мець сацыялiзм паразу
I быць сярод зладзеяў не хацеў.
Збылося ўсё, ды больш не ўбачыў ён
На бацькаўшчыне новых сьветлых дзён.


7. Саугас Туча

На поўнач ад хацінак Тучы
Былы паноў Еленскіх двор.
Парадку новага ўзор,
Шлях к камунізму немінучы:
Паноў саслалі ў Казахстан
Канфіскаваўшы ўсё, што мелі!
Ў таварняку паехаў пан
І ўсе, што ехаць з ім хацелі.
Панамі сталі парабкі, бо ў тым 39 годзе
Паноў і кулакоў, як клас, было знішчаць у модзе!

Пасля вайны там стаў саўгас
Пад назвай выбітною: "Туча".
Паноў забылі. Хоць балюча
Глядзець было, як кожны раз
У час сяўбы, як па заказу,
Ды і пад час другіх работ,
Райкам  даводзіў план саўгасу
Якім  павінен быць прыплод!
План па надою ад каровы і калі сеяць буракі -
Хоць не патрэбны і не новы, але ж выконвалі такі!

Палац Яленскіх - дом с франтонам
Ў вянку з сярэбраных таполяў
Глядзеў там на сяло і поле
Радамі вокан задумённа.
Перад парадным уваходам -
Парку ландшафтнага кілім
Збягаў з узгорка. Пахла мёдам,
Цвілі ўсё лета кветкі ў ім.
Рой матылькоў і пчол прыгожы
Збіраў нектар з руж агарожы.

Парк меў мяжою брукаванку
І, як па ёй каціўся воз,
Падковаў звон ці грук калёс,
Чутны былі ў вёсцы зранку.
Граніт быў гладкі адабраны
І так паложаны майстрамі,
Каб пальмы ствол ствараў жаданы
З галін раскошнымі шатрамі,
Дажджу дзе кроплі ў дзень вясенні
К ствалу збягалі б па каменні

Дарогі ўздоўж, нібы маністы,
Ад спіртзавода да шашы
Стаялі елкі. У іх цішы
Быў ветру подых волкі, чысты.
Далей два шулы ад варот
Паўразабраныя стаялі -
Парадны колісь уваход
На ўзгорак і к маёнтку далей.
Ў палацы ж месцілася к часу
Праўленне ўсяго саўгасу.

На поўнач ад палаца пана 
Быў агарод з фруктовым садам,
Што атачаўся ліпаў радам
Між іх стары дуб нечакана.
Гумно, дарога-брукаванка,
Цераз балота на край лесу.
Дамы для парабкоў, падпанка –
Цівуна меснага замесу.
Падвал для спірту, спіртзавод
Канюшня, к кузні паварот!

Лядоўня, каля кузьні той,
Дзяцей там вабіла трывала,
Бо ў спёку лета лёд хавала.
Яна ў сярэдзіне сваёй.
Лёд гэты секлі на кускі,
Каб з малаком абкласці чаны.
Дзятве давалі кус, які
Быў як марозіва жаданы.
Наўкола  сажалкі – таполі,
З буслянкай на адной  у голлі.

На сажалкі канцы паўднёвым
Стаяў калісці млын стары,
Як успамін з тае  пары
Застаўся мост з насцілам новым
Ды ў два рады чарнел палі,
На якіх колісь млын стаяў.
Цяпер ракі Тучанкі хвалі
Раку і той злучылі стаў,
Што яны разам ушыркі
Стваралі метраў сто ракі.

Паўз сажалку ад вілы пана
На поўдзень,  леваруч ракі,
Па грэблі цераз два масткі
Была ў вёску скіравана
Са жвіру тупкая дарога.
Праваруч возера ляжала.
Русалкі месяца нарогам
Люстэрка возера бывала
Забыўшыся ў гульні хісталі
І плёскалі на бераг хвалі.

Хаціны Тучы на пагорку
Стаялі з захаду на ўсход
Пляц атачаў штакетны плот.
Вяргіні, ружы ў панадворку
Сады з груш, вішань, яблынь, сліў,
Дамы пад  бляхай ці шчапою
Ды з аканіцамі на ўздзіў
Майстроў аздоблены разьбою.
Яна служыла ў тую пору,
Як абярэг ад загавору.

Ў саўгасе платаю за працу
Рубель быў. Тут грашмі плацілі
І людзі зь вёскі больш хадзілі
Па грэблі к панскаму палацу,
Бо грошы зьменьшвалі заботы;
Было не трэба на базар,
Купіць за іх у краме ўсё ты
Мог, калі толькі быў тавар.
А меўшы грошы на тавары
Няма патрэбы і ў базары!

Было так лепей, больш удала.
Быў стрыжнем партыі саўгас
І на сяле рабочы клас
Ён памнажаў даволі стала.
Як прадстаўнік КПСС,
Дырэктар правіў тым саўгасам,
Вёў к камунізму і ў прагрэс
Дарогай, невядомай часам,
Рашаў бо з'езд КПСС
Праблемаў і праблемак лес!

На тым шляху было нямала
І дасягненняў і параз,
Бо новае не можна ўраз
Адладзіць так, каб шлях трымала.
Быў то эксперымент дзяржаўны
Грамадзтва рэзалі, сшывалі
І не заўсёды быў той спраўны,
Хто лейцы браў, каб ехаць далей.
Памылкі гэтае пары
Відны, што ты ні гавары.

8. Родная школа

У сем с паловаю гадоў
У першы раз з букетам кветак,
Апрануты святочна гэтак,
Вучыцца ў школу Стась пайшоў.
Буквар у сумцы і пенал
Алоўкі і пяро з асадкай.
Вучыцца ж каб не знік запал
І каб ішла вучоба гладка -
Найлепшы тых часоў ласунак
Ад мамы пернік - падарунак.

Вяргiнь i мальвы для букета
Нарэзаў у садку ля хаты.
Стаяў там волат-клён кашлаты
І ў яго голлі ўсё лета
Шпакі будзілі дня світанак.
Са студні чыстаю вадзіцай
Умыўся Стась у гэты ранак,
Каб не маглі сны далей сніцца.
Сябры чакалі ля варот,
Каб к ведам пачынаць паход.

Кірэйчык Пеця, Шэйка Лёня,
Па вулічнаму - Мазуроў,
Якубчык Валя - тых сяброў
Стась  не забыў і да сягоння.
Хаця часоў нястрымны лёт
Дваіх з іх лодкаю Харона
Да боль гаючых Стыкса вод
Ужо адправіў і заслона
Закрыла іх жыццёвы пуць,
A ў памяці яны жывуць.

Вясковай вуліцай у школу
Спяшала раніцой дзятва.
Стук брамкі быў чуцён спярва
І галасок звінеў вясёла,
Бо кожны двор, адно ці двое
Дзяцей у школлу адпраўляў.
Ды знікла душ багацце тое,
Як бы Мамай тут пагуляў.
Асот расце і крапіва,
Дзе колісь бегала дзятва.

Стаяла школа на пагорку
Прама на захад ад сяла.
Уся абсаджна была
Клянамі. А  яны гаворку
Вялі з кустамі руж, шыпшыны
З антонаўкай, налівам белым.
Да долу гнуліся галіны,
Калі дзятва на іх умела
Апошні яблык атрасала
Ці проста ў гойданку гуляла.

У цэнтры саду дом стаяў.
Яго Стась Тарагінскі кінуў,
Калі шляхетны час прамінуў
І ў Польшчы долю адшукаў.
Паехаў да Зелены Гуры
Каханак мамы, сябра таты,
Скрыпач выдатны, балагуры
І шляхціч вольны і зацяты.
У сораквосьмым з'ехаў ён
І змоўк цудоўны скрыпкі звон.

Аж шэсць гадоў стаяў пустым
Дом Тарагінскага на полі.
Тучанскай пачатковай школе
Быў перададзены затым.
У класах двух аж у дзве змены
Граніт навук грызла дзятва.
Бялелі ў сонцы вапнай сцены
І ззяла стаўняў сінява
Між бэзу там. У час перамены
У чыжык, хованкі гулялі,
Ці ў снезе след звяркоў шукалі.

Гурт першакласнікаў стаяў
Пад яблыняй ля ганку школы.
Ня чутны быў больш смех вясёлы,
Бо клас напружана чакаў
Настаўніцы з'яўленне так.
На ганак узышла дзяўчына.
"Анастасія Хвёдараўна Казак -
Так зваць мяне!" Неяк нявінна
І добра, як і маці Стася,
Ўсьміхнулася і ў школу падалася.

Гурт пацягнуўся ў клас за ёю,
Там былі парты ў два рады.
Яна ж рассаджвала туды
Дзяўчат і хлопчыкаў па двое.
Да Стася сеў Арлоўскі Коля
На трэцяй парце ля праходу.
Настаўніцы была то воля,
Хоць Стасіку не ў асалоду.
Сядзець хацеў з Пятром, вядома,
Бо з ім гуляў ён яшчэ дома.

Тут празвінеў званок і ў школе
Зацілі смех і таўкатня,
Бо с таго момамту і дня
Вёў шлях жыцця на ведаў поле.
Настаўніца ж была надзейным
І сябрам і правадыром.
Прыціх клас, слухаў благавейна
Хоць голас не грымеў, як гром.
I ўспрымаў прыціхшы клас
Цудоўнай казкай той расказ!


9. Тучанская васьмiгодка

Закончыўся і трэйці клас.
Апошні ў школе пачатковай -
Чацьвёрты - будзе ўжо ў новай
Рашыў так РАЙЯНА якраз.
Яна размесціцца ў палацы
Яленскіх, што займаў саўгас.
Там болей месца ёсць для працы
Ад першага па восьмы клас.
Бывай жа Тарагінскіх хата,
Ты ведаў нам дала багата!

Дні лета хутка праляцелі
І ў першы верасня дзянёк
Нам новы празьвінеў званок
І ў новым класе ўсе сядзелі.
Ды цёплы дух старое школы
З настаўніцай зайшоў у клас,
З яе ўсмешкаю вясёлай
З лагодным голасам, што ў час,
Калі ты сам згубіў дарогу,
Заўжды сьпяшаў на дапамогу.

Чацьвёрты клас прайшоў чароўна
Быў ураджай добрых адзнак.
Стараўся вельми Стась Шастак,
Яго Настасся Хведароўна
У прыклад ставіла другім,
Што ён не бегаў каля клуба.
Асеннім вечарам даўгім
Яму чытанка была люба
Таму й знаходзіў у імгненне
Задачы цяжкае рашэнне.

Сканчэнне школы пачатковай
Адзначыў Стасік асабліва:
Падручнікі ўсе рупліва
Купіў і прачытаў па новай.
Ён алгебру рашаў запоем,
Бо быў захоплены задачай.
Мянушку атрымаў за тое
Энцыклапедыі хадзячай.
Так Люба Дарафей назвала,
Хаця сама не меньш чытала.

Было два паралельных класы
Клас пяты-Б і пяты-А.
Вучылася ў  іх дзятва
З Рудкоў, з Масцілаўічаў часам.
Для дзетак з Тучы, Трацякоў
Было там незнаёмых многа,
У Слабаду з сямі гадкоў
Вяла тых школьная дарога.
Сябрамі ж сталі праз паўгода,
Такая ўжо дзяцей прырода!

Класнай у пяты-А  прыйшла
Марыя Шыбут. Васілёва -
Яе так клікалі вяскова,
Бо з Трацякоў сама была.
Душэўная, як дзень вясновы,
Прыгожы, стройны стан дзявочы,
Як крылы чайкі - чорны бровы,
Як зоркі ў небе ззялі вочы.
Tак вобразна вяла гісторыю яна,
Што ажывала ў словах даўніна!

У матэматыцы найлепшы быў дарадца
Плюцінскі Казімір, ці "Цэзар" карацей!
Казімір Цэзаравіч сябрам быў дзяцей,
Бо кожны мог заўжды к яму звяртацца!
Настаўніцаю беларускай мовы
Была Чыгір Надзея Іваноўна
Ліліся з тонкіх вуснаў ціха словы
І ажыўлялі родны край чароўна!
Купалу нам і Коласа чытала
Міцкевіча "Дзяды" цішком дэкламавала.

Гады ляцелі за гадамі ўдалячынь
У Тучы знік калгас, адно саўгас застаўся
Але і ён бяднеў. Патроху разбураўся
Яленскіх "падарунак", як ні кінь.
Саўгаса парнікі пайшлі пад  стадыён
Ў Дунайчычах закрылі спіртзавод
І з саду невялікі мелі плён,
Змяньшаўся і заробак кожны год,
Вяскоўцы адракаліся зямлі
Збягалі ў гарады, калі маглі.

Ды вёска тады ўсё яшчэ жыла
Вяселлі і радзіны святкавалі
І новыя дамы, як вілы будавалі,
І гэтак жа ў рацэ вада сабе цякла.
Быў новы дзень на дзень былы падобным,
Бы кроплі дзьве стаячае вады,
Ні радасьці вялікай, ні нуды.
І ход жыцця быў вялым і падробным.
Здавалася, што ўсё заўжды так будзе
Ўсё тыя ж хаты, трактары і людзі.

Клас восьмы. На канцы яго - іспыты.
Без падрыхтоўкі Стась усё здаваў карцінна
У восьмым-А найлепей Шэйка Ніна
Здала ўсё. Канец заняткам. Восьмы-А забыты.
На разьвітанне "Цезар" наш каханы
Прапанаў парк новы нам закласьці.
Няхай растуць кляны там і каштаны
На памяць моладзі і ёй самой на шчасце!
Цяпер, пабачыўшы іх, скажаш:"Як хацеў
Наш лёс прадбачыць ён! Як у ваду глядзеў!"


10. Сiнёуская школа

9-ы і 10-ы клас  Сінёўская давала школа,
За пяць з паловай вёрст якраз
На ровары ды ў летні час
Накручвала шлях хутка кола.
Дырэктарам Бабейка быў
Сын Якава, Іванам звалі
Ён матэматыку любіў.
Іх інтарэсы з Стасем ў тым супалі,
Што Стась любуў рашаць задачы
І чым цяжэй - тым больш аддачы!

Аднойчы быў такі выпадак,
Што толькі Стась рашыў задачу
А клас спісаў і ў прыдачу
Тое змаўчаў і быў парадак.
Ды ў  паралельным класе Б
Ніхто не адшукаў рашэння,
Факт падазроны.  Для сябе
Знайшоў Бабейка факту тлумачэнне.
У Васі Шаліка рашэнне запытаў
І выясніў, што той сам не рашаў.

Затым спытаў яшчэ ён Шэйка Ніну
Але і Ніна доказ поўнасцю не знала
А значыць не сама яе яна рашала.
Застаўся Стась, каб дапісаць карціну.
Да доскі выйшаў ён і выдаў тры рашэнні,
Ды без натугі так. Бабейка позірк кінуў
Паставоў яму 5. І у адно імгненне
Стаў Стась яму амаль што родным сынам.
Траіх дачок, а сына бог не даў,
Сыноў у вучнях Іван Якаўлевіч шукаў.

У клас 9-ы А за класную прыйшла
Яугення Якаўлеўна Баранкова
Прыгожая сказаць - не тое слова!
Яна міс-прыгажуня ў БДУ была!
Вяла грамадазнаўства  ды гісторыю,
Тлумачыла і палітычных падзей ход.
Такая юная, што хлопцы некаторыя
У калідоры не пускалі ўпярод.
Бла для класа сябра і дарадца
І родная сястра, можна прызнацца!

У школе быў фізічны кабінет,
Па хіміі і фізіцы вяліся там заняткі,
Пётра Савельевіч там вопытаў пачаткі
Даваў. І тлумачэнне вынікаў як след.
Хоць прозвішча яго было Пазняк,
Быў крэатыўным дзецям на зьдзіўленне!
Задачы і ў жыцці вучыў рашаць іх так,
Каб радасць перамог прыносіла рашэнне!
Быў па-юнацку непасрэдны, чуць наіўны,
Ды  ў душы агонь насіў неперарыўны.

Каб рух ракетны вучням паясніць,
Патрэба стала вырабіць ракету.
Стась вызваўся рашыць задачу гэту;
Ракету змайстраваць і з класам запусціць.
У "Юным тэхніку" знайшоў яе чарцёж
Прыдумаў з паляўнічай гільзы рухавік
Быў самаробны порах, але ўсё ж
Яна ўзляцела ў неба пад шчаслівы крык!
А Пётр Савельевіч сказаў Стасю на гэта:
"Вер, узляціш і ты, як гэтая ракета!"

Цікаўнасць да навук была ў Стася натуры,
Але Бог даў яму і памяць нібы воск.
У вершах ажыўляў ён прыгажосці лоск
І ў ззянні першых рос і ў снегавой віхуры!
То дрэвы маляваў у кужалі туману,
Калі на сенажаць нячутна паўзлі хвалі,
Было дзівосна так,што верыў зрок абману,
Што дрэвы і кусты з глыбінь марскіх паўсталі.
Знаходзіў рыфмы сам, каб ажыла ж карціна,
Што словам маляваў, у тым памог Дубіна!

О, Павал Паўлавіч! Ты выглядаў сурова
Ды сэрца файнае і добрае ты меў,
І калі часам на ляноту і грымеў,
Ты найшчырэй за ўсіх бярог матулі слова!
Прысадзісты, як волаты-дубы,
Ты вершы прачытаўшы Стася,
Сказаў яму:"Замнога барацьбы!
Дай Бог, каб нам пяшчота засталася!
Бо на Зямлі ўсяму дае жыццё  каханне!
Пісаць Стасёк - тваё ёсць пакліканне!"

Мой бестурботны, мой дзесяты А!
Ты шчасця востраў у праблемаў моры,
Дзе Купідон ў час ранішняй Аўроры
Паказваў, што каханне - галава!
Мы забывалі кнігі і задачы
У летняй ночы паўпразрыстай белі.
Гублялі мы галовы, бо іначай,
Каб без кахання, без кахання жыць і не хацелі!
Q, Божа Ўсявышні нам вярні
Юнацтва дні, як і кахання дні!

Настаўнікі мае! Майго жыцця аснова!
Вы прагу да навук, як факел запалілі!
І дзе б Вы ні былі, і што б Вы ні рабілі,
Я буду ўдзячны Вам аж да канца зямнога!
Ваш дух суправаджаў усе мае памкненні
На тым шляху, што вёў і праз гады да мэты,
Падзяку Вам прынёс і, ўстаўшы на калені,
Прашу я Вас прыняць на памяць вершык гэты!
Настаўнік мае быць крыштальны, як  крыніца,
Каб дух дзяцей-тварцоў мог бы з яе напіцца!


11. Выпускны

Школа забыта!  Выпускны,
Шумлівы,  сьветлы і вясёлы
Быў у будынку старой школы.
А побач бомкалі званы.
Царква склікала вернікаў да Бога,
А нас - званок апошні за сталы.
Вяла далей жыццёвая дарога,
Дзе школьныя гады  - кусок малы!
Стасёк прыціх - чакае лёс які?
Гучней за ўсіх былі сераднякі.

Цяпер яны былі душой сябрыны,
Як матылькі ляцемі на сьвятло.
Зьвінелі чаркі, нешта ў іх цякло.
Гарэлі сонцам вочы Шэйка Ніны.
Іх ззянне чаравала Стася прама,
Размоў карціна ж забівала дух,
Бо села ля "Пшанічніка" Адама,
Што ў заляцанках быў найпершы зух.
Застылі выпускнога ўспаміны;
Адам і Маліноўскі каля Ніны.

Устаў Бабейка. Сцішыў гоман хвалі.
Узрывы сьмеху раптам анямелі.
Дырэктар скажа што? - ўсе пачуць хацелі
І ў мёртвай цішыні тых слоў чакалі.
Бабейка ж у бакал шампанскага наліў,
Падняў і, гледзячы як перліць сок лазіны,
Прыціх і сам, стаў мяккім на ўздзіў
І вымавіў: "Для вас усіх прыемныя навіны!
Я рады вынікам! Сардэчна вас вітаю
І  посьпехаў далей з вас кожнаму жадаю!"

"На вас чакае шлях, які вам не вядомы.
Мы пастараліся даць веды для таго,
Каб самастойна да канца яго
Змаглі б прайсці без страху і без стомы!
Каб гэты шлях і вас прывёў да мэты,
Каб не прышлося доўга вам блукаць,
Каб сэрцамі сяброў заўжды былі  сагрэты
І ведалі ў жыцці,  як вам сяброў шукаць!
Бо меркай шчасця ёсць сяброў надзейных кола
І гэтаму, дай Бог, вас навучыла школа!"

Сказаў! Падняў бакал і выдыхнуў: "За вас!
Вы клас паскораны, бо дзесяцігадовы.
На вас жа падыход педагагічна новы
Праверылі мы з посьпехам  якраз!
Вы ж перанеслі  тое паскаранне,
Як быццам бы яно было дарамі Бога,
Як лёгкі шпацыр, як цікавае здарэнне
І гэтым збераглі бюджэту грошай многа!
Вы доказ наш таго, што метад навуковы
Дае і ў школе плён і вынік адмысловы!"

Устаў завуч, Клявец. Падзякаваў усім:
Настаўнікам і вучням адналькова!
Напомніў, што вучоба ёсць аснова
Ўсяго жыцця і радасцей у ім!
Ён пажадаў, каб нам пашанцавала
Знайсці і мэту і да мэты шлях!
Каб веды, атрымалі што нямала,
Былі і компас і надзей ачаг!
Сказаў:"Паверце мне, што прыйдзе перамога,
Ды з верай у сябе і ні ў каго другога!

Па гэтаму - Віват! І будзьце ўсе здаровы!
Хай доўгае жыццё вам напрадзе ўсім Клота!
Хай спадарожнічае радасць вам, а не турбота,
За праўду пастаяць павінны быць гатовы!"
На гэтым скончыў ён. Бакалы зазьвінелі,
Прачнуўся зноўку сьмех, заняўся разгавор.
Гадзіны паўтары ўсе за сталом сядзелі
Пасля зайграў аркестр, запеў з  пласцінкі хор.
Да Стася падышоў на пару слоў Дубіна,
Пакуль размову веў, з Адамам знікла Ніна!

Стась пасядзець хацеў, ды Давушка Марыя
На "Белы вальс" яго сабе абрала ў пару.
Нібы прачнуўся ён і ад душы даў жару,
Як быццам бы хацеў спаліць масты старыя!
З Марыяй танцаваў пасля ўсю ноч да ранку,
Пасля гурбой усе пайшлі страчаць світанак.
Стась пінжаком сваім сагрэў Галю-"Цыганку"
І бляск яе вачэй заззяў ярчэй заранак!
Дарога на ўсход стралой прамой ляцела,
Гурт рушыў упярод, душа ж спачыць хацела.

Вярнуўшыся назад, сядзелі ў летняй ночы
На Пінскім тракце тым, што знала Кацярына,
Дзе рос канадцкі клён і дзе зусім нявінна
Стась пацалункі піў і цалаваў ёй  вочы.
П'яніла, як віно і ўсё ўнутры трымцела,
Па жылах цёк агонь а ў горле стыў камяк
Шаптала: "Як даўно цябе я ўзяць хацела,
Але ж ты быў сляпы, не заўважаў ніяк!
Сягоння ты са мной! Калі такое будзе?!
Вось падарунак мой - тры пацалункі ў грудзі!"

Чуць збоку ад шашы над Тучай сонца ўстала
Стасёк ляцеў дамоў не помнячы нічога:
Ці быў той выпускны? Ці мала і ці многа
Цыганку цалаваў? І як такое стала?
Заснуў, прыехаўшы, ў трусах на сенавале
Збудзіла мама, бо зайшла ў госці Ніна.
Стась выйшаў к ёй. "А па табе "стралялі"
Тры раны аж!"- сказала з едкім кпінам.
Ах, наш юначы пыл! Чаму чакаць не ўмеем,
Таго, хто сэрцу мілы, хоць ад жарсці аж млеем!




Кнiга другая
12. Шлях у людзi
Школа закончана! Дарога
Стасю ўяўлялася адна;
Ў БелДзяржУніверсітэт яна
Вяла ад школьнага парога!
Рашыў Стась - будзе фізік ён
І саўладае з тэрмаядам,
Каб нёс не смерць ён i праклён,
А  дар святла. Каб стала садам
Зямля! Даваў каб ён жыццю цяпло,
Каб мiрна ўсё без войн жыло!

Стась на Фiзiчны факультэт
У БДУ падаў заяву
На iмя рэктара, каб справу
Направiлi ў iспытны камiтэт.
Школу закончылi ў тым годзе
Два выпускi. Быў конкурс акурат:
Адзiн з 6-ці жадаючых праходзiў!
Iспыты ж каб прайсцi без страт
Куплялi тыя, хто меў грошы,
Вынік без ведаў. I харошы!

У Стася грошай не было.
Надзея ўся была на веды
I хоць тым пачуццём сагрэты
Малiўся ўсё ж, каб павязло!
Ды слаба мабыць ён малiўся,
Цi школьных ведаў не хапiла
Не паступіў, хоць добра біўся.
Бо грошы- то найвышша сiла!
''Пайду будаўніком тады,
А паступлю праз 2 гады''.
    
Рашыўшы гэтак, ён вярбоўку
У Кандалакшу падпicaў,
Дазвол на пашпарт атрымаў
А з iм пазбыў раба вяроўку.
Бо большасць тых, хто ў вёсцы жыў,
У той час пашпартоў не мелi.
Дазвол на пашпарт сам вяршыў,
Дырэктар той сяльгасарцелi.
Каб людзi ў горад не ўцякалi,
A камунiзм там будавалi!

Вярбоўку тую  мама Оля
Амаль што не перажыла,
Бо за слязой сляза цякла,
Як бы не жыў сыночак болей.
Але к прызначанай часіне
Была спакована валізка
Кілбас, яец у смажаніне
І яблык сушаных дзве міскі.
Абняў Стасёк усіх тады
І выйшаў з дому назаўжды!


13. Першы дзень у Мiнску
У Кандалакшу ехаць не прышлося,
Прывёў лёс хлопца ў будтрэст чатыры.
Быў снежань на двары. Марозік шчыры
Зіхцеўся сіні іней  і аздабляў валоссе
Галін ды правадоў. Як ланцугі гірляндаў,
Яны звісалі серабром махнатым долу
Снег сыпаўся на Мінск. На чырвань транспарантаў
На прывакзальны пляц, на дах дамоў наўкола.
На ''Журавінку*'' атрымаў Стась прызначэнне,
Дзе як бетоншчык ён меў атрымаць хрышчэнне.

Стась засяліўся ў будаўнічы інтэрнат,
Там месца атрымаў с калегам у  пакоі.
Тры ложкі там было, але жылі ўдвое,
А пад вакном прыпынак быў трамвая акурат.
Калега распавёў, што Стась на ''Журавінку''
Назаўтра раніцой трамваем ехаць мог.
На ложак Стась прысеў, здалося, на хвілінку,
Але ўсю ноч праспау затым без задніх ног.
Калега раніцой у 7 пайшоў на працу.
Падняўся і Стасёк хутчэй, каб не спазняцца.

На вуліцы трамвай рассейваў іскры роям,
Высекаў іх з дратоў, што іней абляпіў.
А сполах тых  маланак так сляпіў,
Што застывала на імгненне і жывое.
Нібыта муравей, цягнуў натоўп з сабою
Па ходніках хлапца ў віск і шоргат шын.
Бялюткі ўвечар снег стаў брудным ад прыбою
Шматлікіх мінакоў і выкідаў машын.
Так прама на вачах шарэў кілім цнатлівы,
Людзей так старыць стрэс - хоць і юнак, ды сівы.

Трамвай па Горкага** даехаў да Купалы
Ды вываліў натоўп паўсонных ''рабацяг''
Дзень вейкі развінуў, каб даць жыццю працяг
І сонца над ракой прачнуўшыся заззяла.
С Траецкае гары па вуліцы Купалы,
Спусціўся да ракі Стась спешнаю хадой
Праз Свіслач перайшоў і неяк млосна стала
Быў справа катлаван для ''Журавінкі'' той.
''Які будзе прыём і што пытацьмуць людзі?''
Мільгнула ў галаве. Ат, неяк ўжо будзе!

Пад ліпамі ўбаку стаяў крыху нялоўка
Ў адзін паверх дамок. Пакояў пяць.
Праз вокны ранку золата відаць.
Бюро і кадравік і побач іх бытоўка.
Хлапца адзелі ў  касцюм з бавоўны,
Далі кувалду аж на цэлы пуд
І, вывеўшы на двор, сказалі кабы роўна
Ён палі пазьбіваў, былі што там і тут.
На рукі папляваўшы, хлопец разьвярнуўся
Тры палі падраўняў, сагрэўся, распрануўся.

Злаўчыўшыся, як біць, займеў хлапец ахвоту,
Бо паляў тых было можа на тыдні два.
Пацёк пот ручаём, ўспацела галава
А ён няспынна біў, пот выціраў употай!
Натоўпы мінакоў на вуліцы стаялі,
Захутаныя ў футры. Знатны быў мароз.
Хто галавой круціў, а хто праходзіў далей
І, каб і Стась учуў, бурчэў сабе пад нос:
''Бушуе, бо дурны і сіл не ашчаджае!''
Не ведалі яны, што імідж Стась стварае!

* -   Журавінка- рэстаран у Мінску
** -  Вуліца М. Горкага, цяпер вуліца М. Багдановіча


14. Пошукi
Хлапцу патрэбны быў аўтарытэт,
Ён наймалодшым быў у інтэрнаце
І меў мянушку ''Малады'' ў брыгадзе,
Дзе быў узрост калегам не сакрэт,
Бо веку меў 17 год с паловай.
Наіўны, хоць начытаны даволі,
Цікавасць да дзяўчат была не новай,
Бо да траіх аж заляцаўся ў школе.
Ды ўзвышана кахаў. Салёны жарт, размовы
Пра сэкс не ўспрыймаў. Быў нагрубіць гатовы.

Аб мэце паступіць на лета ў інстытут
Стась выхавацельцы ў інтэрнаце расказаў.
Ключ з рук яе ў бібліятэку атрымаў,
Сказала: ''Мэту знай! Не заставайся тут!''
Ёй 26 было, а звалася Лільяна.
Сцяг русых валасоў ляцеў за ёю ўслед.
Прыгожы, гнуткі стан і крыху нечакана
Расклад лагічны спраў для дасягнення мэт.
Параіла яшчэ шукаць другой работы,
Каб стомай не адбіць і да навук ахвоты.

Так пазаймаўся ён нядзелі тры ці болей
Пакуль не зразумеў, малым што будзе плён
Пасля васьмі гадзін, дзе палі трушчыў ён,
Круціліся мазгі, як у гразі, паволі.
К таму ж дзяцінства мара - стаць пілотам,
У ДОСААФ яго надзейна прывяла,
Ён мары не забыў, хацеў у неба ўпотай,
Бо згоды на той крок матуля ж не дала.
Хацелася ў тэатр, у самба і ў кіно,
Юначы імпэт быў, не мог абраць адно.

У лютым, як вясна нябёс узняла шаты,
Стась палі пазьбіваў. Падмурак быў заліты
А на яго пасля падлогі клалі пліты
І рос за мурам мур уверх з цаглін шурпаты.
Стась рамы ўстаўляў, пасла навешваў дзверы.
Стамлення не было, да  працы ён прывык.
І ў брыгадзе ўжо на добрым быў даверы,
У спрэчкі не ўступаў, не распускаў язык!
Па працы кожны вечар вучыць стараўся ён,
Ды ў стоме ўсяго цела знікаў вучобы плён. 

Лільяна неяк падказала ў час размовы 
Ісці на курсы падрыхтоўкі да іспытаў
Пры БДУ.   Казалі, што нібыта
Быў гэты шлях да ведаў адмысловы
І бальшыня з курсантаў, хто іх адалелі,
Найлепшы мелі вынік на іспытах,
Бо па праграмах БДУ вялі да цэлі
Прафесары яго. Курсанты там адкрыта
Спытаць маглі, на што ім пры адказе
Звяртаць увагу асабліва ў кожным разе.

Назаўтра Стась з работы адпрасіўся
І на фізфаку БДУ знайшоў бюро дэкана.
Зайшоў, спытаў пра курсы. Нечакана
Сказаў яму дэкан, што ён спазніўся.
У верасня канцы тых курсаў быў пачатак
На тыдзень тры разы заняткі а 17-й гадзіне,
Іх кошт 30 рублёў. З іх 10 у задатак
У жніўні заплаціць, як вал студэнтаў схлыне.
Стась галавой кіўнуў, бо гаварыць не мог,
Ды вырашыў прайду і гэты я парог!
 
БДУ- Беларускі дзяржаўны універсітэт
ДОСААФ - Добровольное общество содействия армии, авиации и флоту
 

15. Прымерка
Вясна ў той год настала рана.
Звінелі з горак раўчукі
З нябес высокіх жаўрукі
Актаву верхнюю аргана
Зіхотным слалі пералівам
На поле, на лугі, лясы.
Ды апявалі так шчасліва
Час абуджэння і красы,
Што весялелі тварам людзі
І верылі, што лепей будзе!

Стась перайсці рашыў з брыгады
У грузчыкі. Там на машыне
З шафёрам-Лёням у кабіне
Ён аддыхаў душою. Рады
Пра фронт быў чуць апавяданні,
Пра бой на Вісле, пра Варшаву.
Як удалося роце ў ранні
Фарсіраваць раку. Як пераправу
Снарадаў гром, маланак сіла
З другою ротай патапіла.

У пераездах і размовах
І дні праходзілі хутчэй
Без брыгадзіравых вачэй
І без пантоў яго не новых.
У ДОСААФ пасля той працы
Спяшаўся на заняткі ён,
Бо так хацеў у неба ўзняцца
І сніў адзін і той жа сон,
Як сам у небе лётаць будзе,
Ці ўніз скакаць на парашуце.

Ды перш прышлося пазнаваць,
Як кіраваць тым самалётам,
Каб не пацець халодным потам,
Як будзеш сам пілатаваць.
Вучылі складваць парашут,
Бо быў жа ён жыцця стрыхоўкай,
Каб стропы не скруцілі ў жгут,
Ляглі каб гладка, не вяроўкай.
Ды дачакаліся ж такі -
Ў канцы красавіка - скачкі.

Вярнуўшыся ў канцы дня ў інтэрнат,
Папаў Стась у падпітую сябрыну;
Да Будкі Федзі з самага Берліну
У госці завітаў стрыечны брат.
Ён там служыў. Прывёз касцюм шыкоўны
У падарунак Хведару якраз,
Яго і абмывалі ў добры час,
Не ведаў зносу каб тавар цудоўны.
За той касцюм па тры ўсе паднялі,
А выпіўшы, ўжо мераць пачалі.

На Хведары сядзеў ён ладна, стройна.
Пасля прымерыў Грыша той пінжак.
Мажнейшы быў, таму не мог ніяк
Ён апрануць, каб выглядаць прыстойна.
Нейк нацягнуў. Плячамі павярнуўся
Адпалі з трэскам рукавы ў той час.
Усе зарагаталі. Пасьміхнуўся,
Сказаў:"на камізэльку ў самы раз!"
К касцюму рукавы тут прышпілілі
І без прымерак ноч усю мачылі!

16. Парашутыст
Прыгожы красавіцкі дзень,
Папар, зялёныя палеткі,
Бялеюць кураслепу кветкі
Між стройных хвоек дзе-нідзе.
Пад вольхамі ручай бруіцца,
Там сонцам лотаць расцвітае
А крышталёвая вадзіца
Зіхціць на сонцы, як жывая
І прападае ў момант смага,
І ў целе чуецца адвага!

Сыботні дзень на Баравой,
Аэрадром. АН-2 на ўзлётнай.
Шарэнгай знешне бестурботнай
Стаіць парашутыстаў строй.
Ім трэба тры скачкі зрабіць,
Тады дапусцяць да палётаў.
Сасьмягла горла просіць піць,
Скакаць з нябёсаў неахвота.
На спінах горбам Д1. На жываце
Вісіць запаска. Пакуль што - жывяце.

Аж на вярсту ў вышыню
Падняўся спора ''кукурузнік''
Муціла крыху, ды падгузнік
Бярог надзейна цішыню.
''Чапляем карабін за трос''-
Загад. ''І крок у бездань неба!''
Заклала вушы, сьвярбіць нос
Рывок і ціш наўкол. Не трэба
Запаску нават і чапаць!
Сядзець, ляцець, але не спаць!

На падвясной Стась развярнуўся,
Бо ветрык дзьмуў яму у твар.
Ляцеў ён прама на папар
Ў палёце з буслам разьмінуўся.
Інструктар што крычаў,  не чуў.
Другія бачыў парашуты.
Яны ж, як бы іх хто цягнуў,
На вёску мелі ўсе маршруты.
Было той вёскі хатаў пяць,
Шкада ж было гарод таптаць!

Стась бачыў, прама ў агарод
Даў божа прызямліцца Волі.
Супроціў сіл яе і волі
Лёг купал сотак пасярод!
Сабака рваўся з ланцуга,
Крычала нешта ёй кабета,
Ды зачапілася нага
І парашут валокся гэтак;
Збліжаў ён Волю і кабету,
Лямант стаяў аж на паўсвету!

Тэатар файны атрымаўся,
Ды Воля купал пагасіла
Пасля і стропы адчапіла
Лямант ужо не раздаваўся.
Чуць прызямленне  не праспаў
Стасёк праз лямант той і брэх
Ён бокам на папар упаў
І пакаціўся, як арэх.
Купал згас сам, і дзякуўй богу,
Бо падвярнуў хлапчына ногу.

17. Першыя палёты
Скачки былі абавязковы.
Закон быў лётчыкам такі,
Павенен быў мець тры скачкі
З іх кожны, лётаць хто гатовы.
Стась з Воляй, скончыўшы скачкі,
Не прамінулі р эстарана,
Пасля рашылі час які
Пабыць адны. Былі да рана.
Бо маладыя, як кахаюць,
Гадзінніка не назіраюць.

Прачнуўся Стасік раніцою
Ў абдымках маладой Венеры.
Абое стомлены без меры,
Але шчаслівыя абое!
Як тыя ў нераст шчупакі
Ляжалі цесна к целу цела
Ён цалава далонь рукі,
І цыцак смочкі піў нясмела.
Яна, ў нірваннай паўдрымоце,
Была пяшчот зусім не проціў!

Ўсяму на свеці ёць канец ,
Хоць свет бязьмерны, бесканечны
Жарсці хвіліны быстрацечны,
Бо праца ўсяму вянец!
Стась бордза ўстаў і апрануўся,
Яна змах нула пенюар,
Каб з месца нават не крануўся
У сеціве жаночых чар...
Стась па трубе для вадазліва
Збег з трэцяга ўніз шчасліва.

Працоўны дзень цягнуўся вяла
Кружыўся думак карагод
Пра Волю, планер і палёт
І салаўём душа сьпявала!
Палёт быў першы, як ні кінь,
Ён, як курсант, у неба ўзмые,
Кране рукою яго цінь
І будзе выбіраць прамыя
Дале дарогі у жыцві,
Да мэты каб хутчэй дайсці!

Канец работы. Баравая.
На УПП там срэбны птах
Пад 20 метраў крыл размах
На Стася ўжо даўно чакае.
Ад планера да самалёта
Зачэплены даўжэзны троц
Усё гатова для палёта,
Аж па сьпине прабег мароз.
Стась, я курсант, сеў упярод,
Інструктар сеў. Загад: ''На ўзлёт!''

Разгон. Узлёт і цішыня
Планёр плыве, бы ў акіяне
Мінск у смузе, нібы ў тумане
Машыны, як сабак гайня,
Адна імчыцца за другую
Стась ручку нахіліў налева
Націснуў леваю нагою
І планер адхіліў ад дрэва.
Палёт прайшоў даволі ўдала,
Душа ад радасці спявала


18. Дарога да мэты
Лета  ў сінім небе праляцела
Парашуты, планеры, скачкі
Тайны поціск тонкае рукі
Водар чабарковы яе цела.
Сустракалі ранішнія зоры
Росы на траве сьвятлей ад слёз
Стась не ведаў час прабіў каторы
Волю на руках да сонца нёс.
Кнігі ён забыў і тэарэмы...
Першае каханне мелі ўсе мы.

Верасень. Вячэрнія заняткі
На фізфаку курсы ў БДУ
Стасю забівалі ў галаву
Ход рашэння для задачы гладкі.
І ўсё меней часу на палёты,
Яшчэ меней часу для спаткання-
Так жыцця нялёкага заботы
Падкасілі першае каханне.
З Баравой прыбегла навіна;
Воля ўжо болей не адна.

Сэрца сцяла гэтая навіна
Жудасны, да балю склаўся пуць
''Ты прабач! Каханне не забудзь.''
Ціха адпісалася дзяўчына.
Лёс такі і так наканавана
Па жыцці спяшаць мне аднаму -
Стась рашыў. Была ў тым загана
Душу не было адкрыць каму.
Ды выпадак не забыў хлапчыну
Ў аутабусе стрэў ён Шэйка Ніну.

Радаснай была сустрэча тая,
Ажылі на яве ўспаміны
Самыя прыгожыя часіны,
Школьная пара их залатая!
Гаварылі недзе да паўночы,
Кожны расказаў свае прыгоды,
Святлом зорным ззялі яе вочы
Раставацца так было ім шкода.
А таму, каб болей не губляцца
Адрасамі пачалі мяняцца.

Бачыліся раз на месяц можа
На занятках, працы - час ляцеў
Стась на курсах стрэўся неўспадзеў
З Нінай Валадзько са стройкі тожа.
Стала яму крыху весялей
Да вучэння ўзрасла ахвота
Золатам бярозавых алей
Сустракала іх часцей сыбота.
Лісце шамацела пад нагамі
Восень атуляла сэрцы снамі.

Церушылі пер'я бель аблокі
На лясы, на паркі і дамы
Гэткае чароўнае зімы
Не было даўно! Кахання крокі
Стась, да Валадзько адчуўшы Ніны,
Сувязь абарваў, каб не забыцца.
Посьпех абяцае план адзіны -
Ленінскі: вучыцца і вучыцца!
Зразумеў, даюць што веды крылы
І вучыўся, колькі было сілы!

19. Абiтурыент
Вучоба працякала досыць пасьпяхова,
Стась з плотнікаў у грузчыкі падаўся -
На працы гэтай ён не так стамляўся-
І лекцыі запісваў слова ў слова.
Так праляцела восень без прыгод
Загладзіў студзень снегам каляіны
З букетам руж прыйшоў на Новы Год
Стасёк на Дзень Народзін Шэйка Ніны.
Пад бой курантаў узнялі з гарбатай шклянкі
На гэтым Стась закончыў заляцанкі.

Дні паляцелі ў вырай шэрым клінам;
Паездкі днём, вучоба вечарамі.
Вясна была ўжо не за гарамі
Ды час настаў другім прыйсці навінам;
Прыслаў ваенкамат павесту ў лютым
На медкамісію з'явіцца да бальніцы.
Пра войска Стась забыў. Яго маршруты
Вялі ж у БДУ, бо ён хацеў вучыцца!
Як доўг аддаць Радзіме думаў ён
І вырашў ісці ў дэсантны батальён.

Ды ваенком другія меў намеры:
"Ёсць галава, бо добры атэстат,
Палёты  ў ДАСААФе  - акурат,
Ісці табе наканавана ў афіцэры!"
Па медкамісіі, дзе Стась не выйшаў зрокам,
Ён юнаку сам распаўёў той план,
Сказаўшы: "Для цябе дарога ў нас шырока!
У МВІЗРУ* пойдзеш ты і будзеш жыць, як пан!"
Пад бізуном хадзіць? Яшчэ адна забота!
Сказаў жа: "Так і быць! Вучыцца мне ахвота!"

Іспыты ў МВІЗРУ ў ліпені былі і планы
Юнак імгненна ў галаве сабе прыкінуў,
Што як ''праваліць'' там, дык праз гадзіну
У БДУ паперы могуць быць адданы!
А там прыём папер да ліпеня канца
І застаецца час на падрыхтоўку дома!
Ён пагадзіўся! Нібы з-пад вянца
З ваенкамата выйшаў. Раптам стома
На цела ўсё звалілася на месці
Ды гэткая, каб толькі дзе прысесьці.

Хаця яшчэ шумела ў галаве,
Юнак адразу паспяшаў да Ніны,
Каб перадаць апошнія навіны
І паглядзець кватэру, дзе жыве.
Сама ж сказала неяк пры сустрэчы,
Што даўнавата не паказваў вочы.
Пагэтаму зайсці будзе дарэчы
Ды паглядзець на новы "рай" дзявочы.
Дзень пасьвятлеў, хаця ад ранку шэры,
Яго чакала Ніна на кватэры.

У МВІЗРУ Стась іспыты "заваліў";
Рашыць задачу з алгебры не змог.
Забраць паперы падпалкоўнік дапамог,
Які ў Стася камандзірам роты быў.
Стась не журыўся моцна, бо па плану
Ён шанец меў папасці на фізфак.
"Паперы здам і рыхтавацца стану!
Каб на іспытах не адказваць абы як!".
Стась дома рыхтаваўся 2 нядзелі,
Дэсантнікі ж яго на Прагу паляцелі


* -  Мінская вышэйшая інжынерная зенітна-ракетная вучэльня


Рецензии