Цiха падае снег на святло лiхтара...

***
Ціха падае снег на святло ліхтара,
І ні бацькі, ні мамы, нікога…
Толькі хата і сад, і за садам – гара,
Між гарою і садам – дарога.

Так і трэба, відаць, што нікога няма,
А хто ёсць, той не верыць у Бога.
Веру я, верыць сад, і гара, і зіма,
І мая – пад гарою – дарога.

Ціха падае снег на ліхтар і на сад,
На гарод, на бярозы, дарогу…
Значыць, бацька і маці мне шлюць снегапад,
І за гэта я дзякую Богу.

10. 01. 2019 г., Радашковічы


Рецензии