На Грыудзе лебедзi зiмуюць...
На Грыўдзе лебедзі зімуюць,
Сядзіць на беразе рыбак.
А лебедзі плывуць, шчыруюць,
І так павернуцца, і так.
Я ведаю, зноў будзе Грыўда,
А потым Шчара пацячэ,
Нібыта боль зямлі ці крыўда,
І жалем сэрца апячэ.
Няўжо не выстаяць, не выжыць
Кустам лазовым ля ракі?
Так шчыра можа Шчара вышыць
Маёй Радзімы ручнікі!
Вазьму адзін, маленькі самы
На крыж Жыровіцкі, на лёс.
Няўжо мы жыць не ўмеем самі
Пад сінню чыстаю нябёс?
Няўжо наканавана лёсам
Кутку прыгоннае жыццё?
Няўжо пад чысцінёй нябёсаў
Не жыта жаць нам, а асцё?
Харугвай Слонімскаю Іса
Ўпадае ў Шчару… Божа мой,
Калі ты беларус, – маліся
Харугве – спадчыне сваёй!
05. 01. 2019 г.
Свидетельство о публикации №119010500098