Вiта ту

Возера. Восень. Замак –
Трэцi ўжо ў тых краях.
Толькi турбот таксама
Лёс надае ўтрая.
Бачыш няшмат карысцi
Ў моцных сваiх мурах:
Рушаць скрозь iх на прыступ
Волаты – час i страх.
Хцiвых гасцей да трону
Цягне, як валацуг.
Трызна замест кароны?
Неспадзяваны цуд!
Куфры царквы – як багна,
Цешацца, бы ў раi.
Што ж ты чакаеш прагна
Ўхвалы няшчырай iх?
Межы краiны шырыў,
Ахвяраваў сабой...
Падсумаваўшы шчыра –
Ворагаў – толькi больш.
Шэраг бясконцых войнаў
I нетрывалых змоў –
Марыш аб княстве вольным –
Мусiш працягваць зноў.
Бiўся, збягаў з-за кратаў...
Колькi прыгод, дальбог!
Толькi абдымкi брата –
Быццам кiнжал у бок.
Чэхаў кароль часовы...
Ледзь не ўладар Арды...
Лёс нагуляўся ў словы,
Ды не спыняў гады.
Кажуць: "Вялiкi" ў вочы –
Шаблю мацней трымай:
Кожны твой крок адсочыць
Слова-прысуд: "амаль".


Рецензии