Перевод К. Симонова Майор привёз мальчишку...

Маёр прывёз хлапчынку на лафеце –

Забілі маці. Стаў сіроткай ён.

За дзесяць год на тым і гэтым свеце

Яму залічаць гэтых дзесяць дзён.

Быў шлях яго ад крэпасці, ад Брэста.

І кулі драпалі лафет. Дарма:

Здалося бацьку, што надзейней месца

На ўсёй зямлі для хлопчыка няма.

Разбіта пушка, і у ранах бацька.

Прывязаны, каб незнарок не ўпаў,

Сціскаючы ў абдымках сваю цацку,

Сівы хлапчынка на лафеце спаў.

Яму насустрач мы ішлі з Расіі.

Прачнуўшыся, ён нам махаў рукой.

Ты кажаш мне, што ёсць яшчэ другія,

Што я там быў і мне ўжо час дамоў…

Пра гэта гора знаеш ты нямнога,

Яно ж студзіла ў нашых жылах кроў.

Хто раз убачыў гэтага малога,

Не зможа да канца прыйсці дамоў.

Павінен бачыць тымі я вачамі,

З якіх слязіны ў пыле тым цяклі,

Як хлопчык вернецца дадому з намі

І прыпадзе да роднае зямлі.

За ўсё, чым даражылі мы з табою,

Прызваў да бою воінскі закон.

Мой дом не там, дзе блізка ўсё да болю,

А там, дзе ў хлопца адабраны ён.

Дом сяброў

Дом сяброў, куды можна зайсці без усякага,

Дзе і з гора, і з радасці ты начаваў,

Дзе прытулак дадуць і заўсёды прысмакамі

Пад шумок пачастуюць цябе напавал.

Дзе паціснуць руку, дык паціснуць да хруста,

Падарунак твой кінуць у кут , нібы хлам,

Дзе бывае і густа, бывае і пуста,

Дзе няма – дык няма, а што ёсць – напалам.

Дом сяброў, дзе цябе за удачы не цэняць

І няўдачам падлікаў тваім не вядуць,

Застанешся такім жа – цябе не заменяць

І брывом, што б ні сталася, не павядуць!

Дзе, пакуль не раскажаш, пытацца не будуць,

А захочаш суда, дык, як штык, будзе суд;

Дзе за дзёрзкасць – прабачаць, баязліўца – засудзяць

І таго, каб хтось нос задзіраў,не знясуць!

Дом сяброў – яму страты і клопат знаёмы,

І удоў , і сірот у вайну бачыў дом.

У ім дзверы адчынены гору чужому,

А сваё, невымоўнае, – век пад замком.

Шмат разоў у жыццёвай тваёй непагодзе

Ён цябе прыграваў, гэты дом, і не раз,

На вялікім жыццёвым бываў пераходзе

Як энзэ – як недатыкальны запас.

Дом сяброў! Чым яму заплаціць за турботы?

Ўсёй любоўю сваёй? Ўспамінаць зноў і зноў?

Ці прасцей – каб не быў у даўгу у яго ты,

Дом уласны зрабіць домам верных сяброў?

Я адчуў, што у гэтым маё прызначэнне:

Верш сям’і прысвяціць той, паклон перадаць,

Ды баюся, не ўхваляць яны прысвячэнне,

А пазнаць сябе – змогуць, напэўна, пазнаць.


Рецензии
Вы ,как всегда, на высоте.Поздравляю!
Раиса Ст.

Раиса Васильева 4   16.11.2018 20:17     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.