Спеу аб сон-траве
Сонца кладзе галаву на зялёнае лесу ўзгалоўе,
Каб, адпачыўшы, пайсці на ўсход праз начныя пячоры.
З гораду ў горад імчыць мастачка ў сваёй калясніцы:
Лесу сцяна па баках, рака за спіной застаецца.
Што ж запавольвае рух? Чаму не імчыцца натхнёна?
Збочвае раптам у лес, кіруе да могілак проста.
Хто там чакае яе? Каго яна едзе праведаць?
З кім, не хаваючы сум, падзеліцца тым, што хвалюе?
Ставіць нагу на пясок, сыходзіць ужо з калясніцы.
Пані, куды ж ты? Глядзі: могілкі з іншага боку!
Ціха мастачка ідзе ўніз па імшыстым падножжы,
Вейкі трапечуць яе чаканнем сустрэчы дзівоснай.
Ледзьве ад зроку схаваў лес калясніцу з дарогай,
Позірк, нарэшце, знайшоў тое, чаго так жадае:
Пухкасць лістоў і сцяблін, суквеццяў пурпурных шляхетнасць...
О, варажба сон-травы! Няможна табе не паддацца!
Часу да цемры няшмат, але чарадзейка паспее:
Кветак чароўны абрыс прастору паперы займае.
– Вечна вы будзеце жыць! Неўміручасць я вам падарую!
Вочы палаюць яе запаветнай магутнасцю творцы.
Сонца сышло пад зямлю, ідзе праз начныя пячоры.
З гораду ў горад імчыць мастачка ў сваёй калясніцы.
Лесу сцяна па баках, спакой за спіной яе вечны.
Побач квіце сон-трава – бессмяротнае люстра мастацтва.
27.07.2018
Свидетельство о публикации №118102305143