Па полi сцелецца смуга

  Па полі сцелецца смуга.
  Маўклівыя прасёлкі
  Бягуць да вёскі, як мага,
  Увечар хмарны, золкі.

  І рэшткі стомленага дня
  Губляюцца ў полі...
  Ды толькі думак мітусня
  Не спыніцца ніколі.

  Ў палетках стылых ні душы.
  Змяркаецца паволі.
  І месяц позірк патушыў
  Там, на нябеснай столі.

  Навобмацак, каля смугі,
  Крадзецца ноч сляпая...
  І не схавацца ад тугі,
  Што ў сэрца западае.


Рецензии
Як жа прыгожа гучыць наша родная мова! Поспехаў Вам!

Людмила Климович 2   15.11.2021 16:52     Заявить о нарушении
Прыемна, што Вы адгукнуліся на мае вершы.
Дзякуй!
Добрага Вам, Людміла, настрою і плённай творчасці.

З удзячнасцю...

Леонтий Обринский   16.11.2021 17:32   Заявить о нарушении