Зинаида Богомолова

УКУСІЎ МЯНЕ КАМАР

Укусіў мяне камар,
Крывасмок, у самы твар.
Лупцануць бы мне яго,
Знішчыць ворага свайго.

Толькі, як яго злавіць,
Колькі будзе злодзей кпіць?
Ды распухла ўся  шчака,
Быццам, як у хамяка…

Счырванела і свярбіць,
Ён жа, гад, усё гудзіць! 
Ой, няма спакою мне…
Будзе пляма на сцяне.


ПРА МАР'ЯНА

“Ганна, чуеш ты ці не,
Адчыняй вароты мне!
Забірай свайго Мар'яна,
Як ніколі сёння п'яны...”

“Як жа ж верыць, Божа мой? 
Зранку біўся галавой,   
Абяцаў  не піць атруты,            
Не спыніў яго, чаму ты? “

“Я казаў: “Не пі Мар’ян!” 
Толькі што яму стакан? 
Акуліў ён дзве бутэлькі
Ды яшчэ прасіў у Гэлькі”.

“Ай, нягоднік, згінь з вачэй,
Пакуль цэлы, – і хутчэй!”

“Я яму не заліваў,
Хай бы лепей меру знаў”.


МІКАЛАЙ ЛЯЖЫЦЬ НА ПЕЧЫ

Мікалай ляжыць на печы,
Грэе пуза, грэе плечы,         
Нешта сам сабе гудзе,    
Быццам  грае на дудзе.    

А яна гатуе ежу:
Боршч ужо зварыла свежы...
Трэба шмат чаго  зрабіць –
На Міколу не глядзіць.
 
Круціцца, нібы вавёрка:
Гэтак спрытна, гэтак вёртка.
Трэба бегчы па ваду –
Блін згарэў, як на бяду!

Трэба накарміць скацінку.
Дзе ж падзелася хусцінка?    
Абшукалася яе…
А яна – на галаве!

Дровы  скончыліся ў сенцах:
Аніводнага паленца…
Нахіліў  уперад  плот
Перакошаны свой рот.

Злуе Ганна на Міколу:
Ляжыць труцень нерухома.
Даў такога храпуна –
Аж падскочыла яна.

“Ой, якая ж злая доля:
Не падменіць рук ніколі…
Зараз палкай трэсну ў бок –
Несусветны абібок!”


Рецензии