Алёна Попко

МАМЕ

У шэрань туману апранута хата,
Беланаліўны вірыць наўкол пах.
Мама – ты сэрца маё,
                маё свята,
Дотык дзяцінства на яве і ў снах.

Светлых рабін чырванеюць каралі,
Рэзкіх вятроў разгалосая плынь.
Мама – ты лепшае, што я маю
У свеце дарослым,
                на ласку скупым.

Ў пульсе дажджоў
                серабрацца трывогі,
Точаць маланкі лязо-вастрыё…
Мама, як моцна пякуць твае ногі,
Доля баліць, быццам полю – жніво.

І пацалункі гадоў пакрываюць
Твой дарагі мне маршчынкамі твар.
Усмешкай тваёй раніцою світае
Белагалубкавы наш небакрай.

Сцелецца роснай травою дарога… 
Малітвай-надзеяй спавіта душа,
Просячы шчасця дачушцы ў Бога.
Мама – ты радасць мая! 

Першае слова і першая казка,
Сноў хрызантэмных сплываюць гады.
Першыя крокі любові нязгаснай…
Дзякуй, матуля, што ў свеце ёсць ты!


***
Мора па калена. Мала зямлі –
Да неба плыві!
А мне звыш таго, што маю –
Не трэба.
Ў душу маю зазірні.
Убачыш мяне дзяўчом, што жвава
Ловіць кроплі дажджу.
І злуецца, дамоў кліча мама,
А я не іду.
Лаўлю! Бягу!
Спяшаюся на спатканне
                з дарослым жыццём.
Н-а-ш-т-о?
Не разумею, што так лёгка,
                бясхмарна
З узростам не будзе ўжо.
Не будзе мора таго па калена,
Дзівосных палацаў з пяску.
І не пакліча па лужах
                скакаць залева –
Вузкія боты вісяць на цвіку.
Сарамлівыя лялькі кладу ў камоды,
Крыжыкі-нулікі – у закуткі…
Мы, дарослыя, па сваёй волі
Бачым чорна-белыя сны.


***
Мы мяняем з табою гады –
Зноў чарговы стаіць на парозе.
Мы мяняем з табой гарады,
Быццам птушкі ў далёкай дарозе.

На раскошу мяняем любоў,
Часам, дзелім зайздросна інтрыгі.
І мяняем надзейных сяброў
На сустрэчных, як хуткія крыгі.

Явар моўчкі застыў над вадой…
Прысмак горычы, прысмак спакусы…
Мы, здаецца, мяняем з табой
Не гады – нашы ўласныя душы.


Рецензии