Екатерина Мешкова
Майму рыбаку
Як ты гаворыш пра Дняпро –
Гавораць толькі пра каханне.
Бязмежнай радасцю вятроў
Ты свецішся пасля спаткання.
Як ты гаворыш пра Дняпро,
Гавораць толькі пра каханне.
Ты з хуткасцю рачных віроў
Бярэш размах для спавядання.
Як ты гаворыш пра Дняпро -
Гавораць толькі пра каханне.
Як падарунак тых валхвоў
Ракі тваёй на сонцы ззянне.
Як ты гаворыш пра Дняпро -
Гавораць толькі пра каханне.
Цянёты гарадскіх муроў –
Вядзеш з ракой там ліставанне.
Як ты гаворыш пра Дняпро -
Гавораць толькі пра каханне.
Нібы ідзеш з ракі дамоў
Па сонечным мерыдыяне.
Як ты гаворыш пра Дняпро -
Пра наша не змаўчы каханне.
І рыбінай луской Пакроў
Блісне і болей не растане.
ДОЖДЖ
Філіпінская спявачка чаравала слых сябровак,
Што плылі па Чао Прая на бліскучым караблі.
Ноч бралася над Бангкокам і агніла адмыслова,
Струны квантавага моста па-над хвалямі гулі.
Як паветраныя цені, за ракі галоўнай плынню
З берага сачылі ступы Храма ранішняй Зары.
Дождж цяплейшы за пяшчоту падаў кроплямі малымі
І будыйскія святыні прымушаў загаварыць.
Карабель крыху замглёны і ракой, і асалодай
Я змяніла на знаёмства легкавернае з дажджом.
І вільготны тайскі вечар адказаў на гэта згодай,
І Бангкок аднагалосы песню новую знайшоў.
Над пустэльнаю прасторай таямнічых цёплых вулак
Дождж мелодыяй нябеснай абвіваў мяне як сон,
І расянае адзенне на маёй блішчэла скуры…
Карабель майго натхнення, непатрэбны парасон.
СУСТРЭЧА З РАДЗІМАЙ
Сядзець візаві з пустыняй і слухаць рассыпісты гук
Пяскоў, калі грэбні густыя цярушацца пальцамі рук.
І дыхаць гарачым сірока, што самы пустынны з вятроў,
Я марыла, ў Мінску, далёка ад тых караванных шатроў.
Чытаць тэт-а-тэт пустыні пад небам бяздонным радкі
Пра бор прахалодны і сіні, пра сціплы ручай трапяткі…
І рыфмы лятучыя ўбачыць у дзюнах рассыпістых слоў
Сахара дазволіць мне ўдзячна за спробу данесці любоў.
У сонечным полымі звонку, у сярэдзіне пошук вядзе
Яна патаемнай палонкі, што пальмам, як мора надзей,
Што ветразем белым натхняе на поўныя грудзі дыхнуць,
Пяшчотай пяскі набрыняюць, каб песні намадаў адчуць.
Сядзець візаві з радзімай, што небам берберскіх вачэй
Валошкавым мне дагадзіла - так продкі пазнаюць хутчэй.
І чуць ад яе, што паўсюдна - пякучыя кроплі тугі...
Падзьмуў паганяты вярблюдаў на ружы пустэльнай рагі.
Рассыпістых выдмаў санеты, што піша Сахара штодня,
Адкрыла я быццам Сусветы, дзе промняў любві гушчыня.
Магчыма, што ўсё запісана ў Кнізе Вялікай Жыцця,
З радзімай сустрэцца ні рана, ні позна… чакаю працяг.
Свидетельство о публикации №118100504087