Наталья Литвинова
О мая Беларусь,
Купалінка над месяцам-сведкай,
У цудоўных каралях
містычных сузорных агнёў!
Ты з’яўляешся мне
чарадзейнаю папараць-кветкай
У дрымотнай пяшчоце
світальных загадкавых сноў.
Зараніца мая
ў прамянітсым каштоўным убранні,
Ў дыяментах расінак,
ў карунках узорыстых дрэў!
Я чакаю цябе
у ружовым пялёсткавым ранні
І табе прысвячаю
шчымлівы хвалюючы спеў.
Прыгажуня мая
ў шлюбным вэлюме белай шыпшыны,
У смалістым бурштыне
задумліых велічных хвой!
Я лячу да цябе
лёгкай ластаўкай з цемры чужыны
Лабірынтамі роспачы,
смутку, сумлення і мрой.
Таямніца мая
ў аксаміце балотных імшараў,
У сапфірных пярсцёнках
празрыстых блакітных крыніц!
Я шукаю цябе
ў летуценных валошкавых хмараў
Між блукаючых сполахаў
срэбных бліскучых зарніц.
Гаспадыня мая
у ліловым квітнеючым бэзе,
Пад мелодыю дзвінскіх
краштальна-люстэркавых хваль
Ты чароўнаю паннай
павольна кружыш ў паланезе!
Я іду да цябе,
на спатканне,
на зоркавы баль.
***
Зіхаціцца на захадзе вечар барвовы,
Аксамітам ільсніцца пялёсткавасць руж.
Гасне дзень. І лісток варушыцца альховы
У люстэркавай бездані восеньскіх луж.
Развітальныя флейты. Блакітныя цені.
Сумна лашчыць у змроку чароўны туман.
Карагодзяць рахманыя сны-летуценні.
Атручае пяшчотай салодкі падман.
Я кружу ў паланезе вяльможнаю паннай,
Ганарлівай, гарэзлівай – лёд і агонь!
А насупраць – мой рыцар… І знічкай ірдянай
Ледзьве-ледзьве апёк пацалунак далонь.
І каханне ўжо побач па ўласных прыкметах.
Неба ўспыхнула, быццам крыштальнае шкло.
Крочыць лёс таямніцай. І прывідны ветах
Асыпае загадкавым срэбрам чало.
МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ
Ў час, калі завіруха двары замятае
І ахутвае горад загадкавы змрок,
Вечарую. Рука непрытомна гартае
Багдановіча смутны чароўны “Вянок”.
Ў перламутравых фарбах – дзівос пантаміма.
Патанае ваколле ў завейнай імжы.
Нібы ў зоркавым сне прад маімі вачыма
Летуценна плывуць міражы, міражы…
Пад жамчужыстым месяцам ў срэбным сутонні
Карагодзяць русалкі між цьмяных пачвар.
З-пад карча ў залатой брыльянцістай кароне
Выпаўзае змяіны смуткуючы цар.
З таямнічай усмешкай скрозь прыцемак шэры
У люстэрка-азерца глядзіцца лясун.
І матыў рамантычны да зоркі Венеры
Зноў звініць адгалоскам эолавых струн.
Змрочнасць мроіцца дзіўным малюнкам размытым.
Звонкі смех Веранікі ледзь чутны здалёк.
А на шыбе, сінеючы сціплым блакітам,
Ў прыгажосці пяшчотнай цвіце васілёк.
Свидетельство о публикации №118100504065