Мне не пакiнуць мiлы край...

***
                Радзіме

Мне не пакінуць мілы край,
Дзе маці з бацькам спачываюць.
Тут выракай не выракай,
Яны мяне не адпускаюць.

Мне не пакінуць родны край,
Хоць бачу ўсе яго заганы.
Душы не скажаш “выбірай”,
Калі ў адзіны закаханы.

Мне не пакінуць шчодры край,
Атулены пяшчотай сосен,
Дзе я смакую каравай
Жытнёвы, што прыносіць восень.

Мне не пакінуць край бацькоў,
І журавоў вясенні вырай,
І памяць – колішніх вякоў,
І горыч – маёй песні шчырай.

05. 10. 2018 г., Радашковічы


Рецензии