***
Адбіткам лёсу і нялёгкай долі.
Ды ўсё часцей па сцежачцы лясной,
З матуляю ў снах іду ў поле.
Дзе шапацяць налівам каласы,
І дзе лянок блакіт злучае з небам.
А вецер цёплы лашчыць валасы,
Паветра разлівае водар хлеба.
І пахне так, што чуецца ў сне,
Ды раптам памяняецца карціна.
Вось твар матулі ў старым акне,
Драўлянай і пакрыўленай хаціны.
Знікаюць усе мінулыя гады,
О, дзякуй сон, што даў мне шчасця крыху!
Што мроі прывялі мяне сюды,
Дзе так спакойна і надзейна ціха.
І я хачу матулечку абняць,
Каб як раней адчуць яе пяшчоту.
А потым за вячэрай расказаць,
Пра лёс свой, пра падзенні і ўзлёты.
Пра мары, пра каханне, пра сям'ю.
І што сыночка рана пахавала.
Пра долю і нядолечку сваю,
І як аб ёй заўсёды сумавала.
І вось ужо пяшчотнаю рукой,
Матуля мае слёзкі выцірае.
А побач над студзёнаю ракой,
Павольна сонца промні выпускае.
Раздаўся дзесці петушыны крык,
Заклякатаў над сенажацю бусел.
А промень сонечны,ледзь заіскрыў і знік,
На паплавоў вясёлкавым абрусе.
А я ўжо стаяла ля ракі,
Перад сваёй зваротнаю дарогай.
Нягледзячы на боль і лёс такі,
Я за Радзіму дзякавала Богу.
За хлебны пах, за ранішні прамень,
За кветкі на вясёлкавым абрусе.
За кожны светлы ранак, светлы дзень-
За неба сінь над роднай Беларуссю.
А за акном світанак абуджаў,
Вясёлымі людскімі галасамі.
І толькі сон з дзяцінства не пускаў,
Дзе ціха ля акна чакала мама...
Свидетельство о публикации №118091502056