Добры вечар, мой жнiвень з хмурынкамi у небе...

***
Добры вечар, мой жнівень з хмурынкамі ў небе!
Добры вечар, пяшчотны мой жнівень!
Я б хацеў расказаць пра цябе каму-небудзь,
Ну, хаця б той бярозцы – на ніве…

Я б хацеў расказаць пра той жнівень, што помню,
Калі мама была маладая.
Я б хацеў расказаць пра блакітную поўню,
Што над хатай вісела – святая.

Я б хацеў расказаць пра балючы мой жнівень,
Калі бацька ляжаў у бальніцы.
Як патрапіў тады я пад жудасны лівень,
Бо грымелі той год навальніцы…

Я б хацеў расказаць, я б хацеў расказаць…
Але што гаварыць? Я шчаслівы!
Дык дазволь жа мне, жнівень, пра шчасце спяваць
Адзінокай бярозцы на ніве...

11. 08. 2018 г.


Рецензии