Калi наблiжаецца жнiвень...
Калі набліжаецца жнівень,
Сумую і ў нейкім парыве
Лячу ў сваіх думках туды,
Дзе ззянне крынічнай вады,
Дзе лісцем трапеча бярэзнік,
Смяецца сланечнік-гарэзнік,
Дзе тата на могілках спіць,
Дзе клён маладосць сваю сніць…
Калі набліжаецца жнівень
І вецер духмяны, гуллівы
Цалуе мой твар задуменны,
Імкнуся ў куточак свяшчэнны,
Прызыўны, таемны і ціхі,
Дзе зведаў і радасць і ліха,
Дзе хочацца мне памаўчаць,
Каб вершык здалёку пачаць
І ў ім не дайсці да сумоты
Адчайнай сваёй адзіноты…
31. 07. 2018 г.
Свидетельство о публикации №118073104361