***

Ніхто не чуў, як ціха плача муза,
Калі аб краі моліцца душа.
Ніхто не бачыў тых братэрскіх вузаў,
Што паяднаны вастрыём нажа.

Той нож, што пупавіну перарэзаў,
Даў мне жыццё, Радзіму, далягляд...
Яго сягоння я знайшоў пад бэзам,
Адчуў надзей няўрымслівы пагляд.

Памыў яго, ачысціў бруд з іржою,
Паклаў у стол да лепшае пары,
Каб ён бяседу вёў з маёй душою,
Святло і радасць існасці дарыў.

Даўно памерла бабка-павітуха,
Што на мяне малілася ў той дзень.
Святыя словы я ў яе падслухаў,
Праз прызму сэрца іх навек прадзеў.


Рецензии