Люблю той пах, як бульбачку капаюць...

***
Люблю той пах, як бульбачку капаюць:
Пах прэлага бульбоўніку, квасолі,
Пах бульбы, што з зямелькі выграбаюць,
Пах нашай цяжкай і шчаслівай долі.

Люблю, як пахне на мяжы сланечнік,
І гарбузы зжаўцелыя ў разоры,
І бульбянога верасня паплечнік –
Імклівы вецер, што зрывае зоры.

Люблю той пах, як бульбачку капаюць:
Зямелькі пах, вячэрняга тумана,
Пах той травы, дзе росы спачываюць,
І той, дзе босы бег – уранку... рана…

28. 07. 2018 г.


Рецензии