Хакейнае

Дзе мноства чакае,
Там нельга спазніцца.
Рагоча ў палёце
Вясёлы вазніца.
Спружынай на-пятай
Заўсёды на старце
Лятучы Галандзец –
Хакейная маці.
Выбухваюць колы баула, як кулі,
Унучкі насустрач бягуць ад дзядуляў.
Спакуслівы яблык,
Ды позірк празрысты.
Смяецца матуля:
- Лапай хакеіста!
Хапі хакеіста! Ды хутка, малая!
Бы ветразь,
Над санкамі клюшка лунае.
І зносіць на неба да мары ўрачыстай…
Бяда з мінакамі:
– Вязуць хакеіста!
– Авой, хакеіст!
Што работы наўкола
Ад першае клюшкі
Да першага голу.
Ад першай няўдачы,
Балючай пакуты:
– Хвалі мяне!
– Мой
Хакеісцішча люты!
Абдымкамі, моваю
Ўжо не адразу
Глынаюцца слёзы
Ганебнай паразы.
Каб не слізгануцца
З лядовай дарогі,
Сыдзе сто патоў да адной перамогі!
Па цьмянай надзеі
маланкі пагрозы –
Мігцяць гладыятараў
тонкія лёзы,
Спагадаю ззяюць
павазе заўзятай
Блакітныя вочы праз чорныя краты.


Рецензии