Аблокi

Самотнае неба, як лёс Беларусі --
Трывожныя думкі ў аблоках пагрузлі.
Там вецер здзічэлы шукае спакою,
Там думка злілася з бурлівай ракою.

Куды ж вы, аблокі, так хутка імчыце?
Хто ў небе вас пасвіць? Чаму вы маўчыце?
Скажыце мне праўду пра лёс чалавечы --
Распраўце для вока шырокія плечы.

Распрамце, аблокі, і рукі, і спіны ,
Каб лёс абмінулі і здзекі, і кпіны.
Дарыце надзею душы чалавечай --
Плывіце дарогай расквечанай, вечнай.

Я з вамі ў спакоі выношваю мары,
Бо ёсць на аблоках крыжы і штандары.
Там вольныя песні зямлі Беларусі
Іграюць анёлаў напятыя гуслі.

Гляджуся я ў неба квяцістага маю
І думкай аблокі яго абдымаю.
Плывіце над пушчай, над Брэстам, над Бугам,
І неба ўспашыце завостраным плугам.

Пасейце ў тым небе надзей нашых зоркі,
Каб глеба не сохла і думкі не горклі.
Праліце, аблокі, дажджы над палессем,
Каб травы спявалі натхнёныя песні.

Для жыта, для гая, для весняга поля
Патрэбная вільгаць і Боская воля.
Шукаю ў аблоках малюнкі, партрэты,
Што створаны часам і сонцам сагрэты.


Рецензии