Дзесь там на пауднёвым усходзе...
Малой радзіме
Дзесь там на паўднёвым усходзе,
Дзе ўгору задраўся асвер,
Дзе дзікія слівы ў гародзе,
А болей – нікога цяпер,
Дзесь там, дзе расстайныя сцежкі
І хаты расстайны абрыс,
Сягоння адны галавешкі
Ды мары, што хіляцца ўніз.
Дзесь там, дзе на поплаве ногі
Палошча каліна ў вадзе,
Даўно засталіся трывогі,
Як сад – у бядзе-лебядзе.
Дзесь там, дзе квітнеюць разлогі,
Дзе бор украінскі шуміць,
Травой зарастаюць дарогі
І сэрца шчымліва баліць.
Дзе цяглыя сосны гамоняць,
Няма маіх даўніх прыкмет:
Каровы званкамі не звоняць,
Прастыў басаногі мой след.
Дзесь там на паўднёвым усходзе
Задраўся асвер угару.
Стаю сярод сліў у гародзе,
Нібыта з людзьмі гавару…
07. 06. 2018 г.
Свидетельство о публикации №118060704511