Трасянкавы касяк
Што Мова ўсцяж мярцвяк.
Злятае раптам з языка
Трасянкавы касяк!
Стакротку золатка ўзяло
За спробу ажывіць –
З магілы моўнае святло
Ляціць сабе і кпіць.
Стары маўклівы далакоп
Зласліва кажа: “Досць!”
Схіліўшы цвёрдае чало,
Ў труну ўбівае гвоздзь.
Дзіця, не здольнае маны,
Ціхенька ціўкне : “цвік”,
Дык века чорнае з труны
Злятае ў гэты ж міг.
“Імгненне, дурань!” – пагатоў
Кляне дзіця натоўп
Вядзьмарак, блазнаў, упіроў
За могілкавы сцёб.
Пяе святар над алтаром
І вые ваўкалак.
Мне пагражае кіпцюром
Касянкавы Трасяк.
Авой, паляндра! Будзе мне
За Мовы чысціню.
Яна ляжыць сабе ў труне,
А я ў труну плюю.
Сліной трасянкі спарахнеў
Ушчэнт апошні пуць.
Паўстане Мова і ўздыхне:
“Памерці не дадуць!”
Свидетельство о публикации №118060700272