Зачапiлася неба за грэбень сасновы...

***
Зачапілася неба за грэбень сасновы,
Разлівае бясконца маўклівую сінь
І вітае ёй дзень – незвычайны і новы –
Над бязмежжам сасновым і купкай асін.

Яшчэ мокрыя травы, раса не спадае,
Яшчэ лётаюць птушкі, расу тую п’юць.
Яшчэ толькі вясна, і, як гэта бывае,
Яшчэ птушкі не плачуць, а толькі пяюць.

І глядзіць нерашуча на неба карова,
Ці ўглядаецца, можа, у лісце асін.
Зачапілася неба за грэбень сасновы
І бясконца ліе сваю яркую сінь.

20. 05. 2018 г.


Рецензии