Трызненне
Мая бязгучнасць - ціхі шоргат хваляў.
Ці не таму - марудная хада?
Ці не таму заўсёды хлусяць шалі?
Я існую нібыта ў вадкім шкле.
Навокал - сон. Ці наяве трызненне?
І рэшткі мар трухлеюць на стале.
І не ўзышло, загінула насенне.
Мне сніцца лес. У лесе спіць кароль.
І каралю, вядома, сніцца пешка.
І пешка (я) перамагае боль,
Бо марыць зведаць: я нішто ці нешта?
Ці абудзіць снаведа-караля?
І ці не знікну разам з гэтай мрояй?
Маленькі крок - і так плыве зямля!
Ці ёсць тут хто? Ці ёсць тут што — жывое?
10.03.2018
Свидетельство о публикации №118051009117