Зялёны ланцужок

                Э.

Я ведаю: цябе мне не знайсці,
і адчуваю гэта нават скурай.
Напэўна, усё дарэмна ў жыцці,
калі ў стог ляціць страла Амура.
А мы яшчэ  па травах не прайшлі,
тых трапяткіх, што дзесьці нас чакалі.
Спазніліся на ранку я і ты,
а ў начы мы іншых пакахалі.
Каму нашкодзіў я з  дзяўчатак тых,
што да мяне туліліся пры стозе,
сплачу прад Богам за свае грахі,
а да цябе правесці ён не зможа.
На скрыжаванні лёсу вобраз твой
прыплыў з крынічкі светлага юнацтва.
Далёка так азёрны той выток,
з якім цяжэй мне, чым з табой расстацца.
У люстэрку тым, дзе воблака-баран
усё на сябе не можа наглядзецца,
тваіх вачэй даўным-даўно няма,
а  да вытока ўсё імкнецца сэрца.
Сцяжынак шмат у жыцці ператаптаў,
ды не звязаў ніводнай так, як трэба
ў зялёны ланцужок духмяных траў,
каб зорку падарыць пад чужым небам.


Рецензии