Стары млын

Я не хаваў за пазухай у жніўні
зярнятак жменю, калі гром грымеў,
дый не па дзецях кволых галасіў я,
чаму ж тады яны жывуць у ва мне?

І Сталіну далоньмі я не пляскаў
аж да крыві, каб ён мяне любіў.
А за сваё шчаслівае юнацтва
я дзякую табе, стары мой млын.

Ты на маім шляху, як сябар школьны,
стаіш здаўна, куды б я не запоўз.
Ды сорамна  мне лёс чакаць лагодны,
не маючы балючых мазалёў.

Прасіць цябе, каб смачна мне жылося,
любілася ўсё так, як першы раз,
каб цішыня перамалола косці
той злосці, што са скуры не садраць.

Каб прачынаўся я ад паху хлеба,
які бабуля некалі пякла,
каб увесь Сусвет варапаеўскім небам
здаваўся, як акраец, мне здаля.

Усё ж не лайдак і не жабрак галодны.
Хоць і ружовых слюняў ужо няма,
калі цябе сустрэну пры дарозе,
падасца мне, што надышла вясна.

А ты стаіш стары і ўсё чакаеш
сваіх зярнятак, па жніве буслоў…
Не адзін месяц, быццам той акраец,
сярпом бліскучым у сэрцы ўзышоў.


Рецензии