Мяне Радзiмай можаш ты назваць!

Я - сонца, неба, жаўруковы спеў,
дуб галінасты, моцны на пагорку.
Я - вецер, што да неба ўзляцеў,
і з хмарамі вядзе сваю гаворку.

Я - лесу гаманлівае дзіця,
бярозка беластвольная у гаі,
што малады, зялёны шоўк лісця
зноў апранула напрадвесні ў маі.

Я - ў лузе лотаць, жоўты першацвет,
пялёсткі з неба мне вясна кідае,
яны, нібыта сонца яркі след,
у люстэрку вод, як рыбка залатая.

Я - ў полі рунь зялёная хлябоў,
настане час - яна закаласіцца.
Я - сцежка ў жыце, што вядзе дамоў,
ідзі па ёй, каб толькі не згубіцца.

Я - лес, я - поле, луг і сенажаць,
вада ў рэчцы, возеры, крыніцы,
Мяне Радзімай можаш ты назваць,
Зямлёй, дзе пашчаслівілась радзіцца!
 


Рецензии