***

Ёсць у словах беларускай мовы
Апісальна-тлумачальны сэнс.
Месяц люты мае люты нораў --
Шчыпле рукі, замятае лес.

Ён лютуе так, сто стыгнуць рэкі,
Лёд расце, бы сала на вадзе.
Пракладае шлях з вараг у грэкі,
Праз стагоддзі нас па ім вядзе.

Месяц сакавік цячэ з бярозы
Смачным сокам весняю парой.
Абуджае дрэвы ад марозу,
У футбол гуляе з дзетварой.

Красавік красу нясе зямную,
Праганяе прэч зляжалы снег.
На Радзіму кліча нас малую,
Дзе гучыць дзяцінства шчыры смех.

Шчыры травень уздымае травы,
Дорыць кветкі людзям і палям.
З ім зямля залечвае ўсе раны,
Квеценню ўсміхаецца здаля.

Чарвякоў прабудзіць месяц чэрвень
Чырванню праменняў залатых,
Зоркамі на небе ў час вячэрні
Ён зямлі падлічвае гады.

Прыйдзе ліпень -- заквітнеюць ліпы,
З вулляў пчол паклічуць да сябе.
Будуць соты мёдам апавіты,
Будзе люд шчаслівы на сяўбе.

Жнівень жне сярпамі жыта ў полі,
Цешыцца з калоссяў залатых.
Ён без працы не сядзеў ніколі,
Гнаў па рэках баржы і плыты.

Зацвіце ў лясах духмяны верас --
Верасень паклікае людзей
У грыбы, каб не знікала вера,
У палі, каб красаваў іх дзень.

Ападае восенню лістота --
Мнуць станкі саспелы, роўны лён.
У кастры кастрычнік піша ноты,
Ставіць пралкі для работы ён.

Пажаўцела лісце ў лістападзе --
Укрывае глебу для зімы.
Хутка стане снежань на парадзе
І надзене шапкі на дамы.

Студзень студзіць рукі, студзіць хаты,
Ставіць дроў бярэмкі ля пячы.
Ён, бы дзед старэнькі, зухаваты,
Хоча ўзімку нам дапамагчы.


Рецензии