Дзяцiнства дзянькi залатыя...
Дзяцінства дзянькі залатыя
Прайшлі і расталі як дым.
Адно засталіся жывыя
Бярозы на ўзгорку святым.
Там толькі бярозы і вецер,
Дзясятак старэнькіх крыжоў,
Ды тата – на тым ужо свеце,
Ды рэха – не сказаных слоў.
Ці тры, ці чатыры мо хаты?
Жывуць жа з іх толькі ў адной.
Здзічэлых рудбекій салдаты,
Сагнутыя ўніз галавой.
Над Чаплінам чаплі не кружаць,
Не ўецца ў ім з комінаў дым...
Там службы нябожчыкам служаць
Бярозы на ўзгорку святым…
03. 02. 2018 г.
Чаплін – пасёлак у Гомельскім раёне Гомельскай вобласці; "рудбекій салдаты" – маецца на ўвазе кветка "рудбекія рассечаная" альбо "залаты шар", якую ў той мясцовасці, дзе я нарадзіўся, называлі "салдацікамі". – Заўвага аўтара.
Свидетельство о публикации №118020310782