Зiмовыя эцюды
1
Павольна дзень плыве зімовы
Дымком над комінам маім.
У грубку я кідаю дровы,
І пахне нечым даўнім дым.
Ён сцелецца, і ўецца ўгору,
І ў вышыні знікае сном,
І аддае цяпло прастору
Чужому – за маім акном.
2
Дым аддае цяпло прасторы –
Халоднай – за маім акном.
На шкле мароз малюе ўзоры
Блакітным колерам, а дом
Маўчыць, а сам плыве павольна
З зімовым днём, як сіні дым,
У вечар чорны, як бяздольны
Паэт, калі быў маладым.
Быў маладым і быў бяздольным
І толькі ў марах бачыў дом,
Дзе сёння дыхаецца вольна,
Дзе дзень згасае за акном.
3
Дзе сёння дыхаецца вольна,
Дзе за акном згасае дзень,
Дзе на абшары неба – зорна,
І ў спёку дзе раскоша – цень,
Дзе для душы – разлегласць мары,
Для сэрца дзе – разлог палёў,
Я падару, аддам задарам
Бляск сонечных і зорных слоў.
4
Я падару, аддам задарам
Слоў сонечных і зорных бляск,
Пакуль на захадзе пажарам
Мой дзень узнёслы не пагас.
Пакуль яшчэ мне дорыць словы
Спагадлівы і чуйны Бог,
Я падару вам лес сасновы
І шыр заснежаных дарог.
Дзе сёння дыхаецца вольна,
Красу Радзімы вам дару
І аб адным прашу пакорна:
Пакіньце мне маю зару!
21. 01. 2018 г., 21. 01. 2024 г.
Свидетельство о публикации №118012110471