экзатычная кветка

калі буду развітвацца -
толькі з табой

ах, з якой параўнаць цябе кветкай!
ты пяшчота мая, цеплыня,
мая беласць у адценнях вясёлкі
або самы насычаны колер
у бліскучых бліках святла

пэўна, няма такой кветкі
але я ж нідзе не была, я не ведаю
мабыць, у джунглях
дзе не ступаў чалавек
расце некранутае дзіва
толькі розныя і надзвычайныя
толькі самыя гожыя птушкі
сустракаюць цябе, мая кветка
і з пялёсткаў тваіх
паталяюць расою смагу
толькі сонца мае магчымасць
цалаваць цябе промнямі светлымі
і жадаць табе добрай раніцы
і жадаць табе добрай ночы
толькі зоркі з табою шэпчуцца
толькі месяц ведае, што табе сніцца

мне б апынуцца маленькай птушкай
і заснуць на тваім кветкалісціку

паталі расою мой смутак
закалыхай маю стому
ап'яні салодкім водарам мёду
падаруй адзін добры сон
ты мая экзатычная кветка,
рэдкая-рэдкая
я гляджу на цябе ў захапленні
праз фацінавую заслону мараў
як даляцець да цябе?
я ж нідзе не была, я не ведаю

ты мая экзатычная кветка
ці патрэбна табе маленькая птушка
якая будзе спаць на тваіх пялёстках?
або ты будзеш спаць пад яе крыльцам
я не жадаю развітвацца
я хачу быць з табою

18.12.17


Рецензии