Цюльпаны на кнiзе Псальмау

Прада мной кніга Псальмаў,
адкрытая на "Спявайце Госпаду песню новую".
На палях намаляваны дзіўны квет,
падобны да цюльпана.
Кармінна-чырвоны з юлёвымі прожылкамі.

Усе роды любові змяшаліся ўва мне.

Усё змяшалася ў галаве,
Як у сне,
Калі пры набліжэнні бачыш іншае.

Снег выпадае на чарніцы ў лесе.
Або гэта цукровая пудра
сеецца на венскі пірог.
Ем снег. Растаюць ягады.
Цякуць чарніцавым сокам,
пераўтвараюцца ў рэкі.
Рэкі поўныя срабрыстых рыбак.
Рыбы-птушкі з нейкай кніжкі
пра прыгоды ў моры.
Рыбы-ластаўкі? Не... не памятаю.

Мы ідзем да ракі. Дзяўчаты-падлеткі.
Нясем басаножкі ў руках.
Я баюся пакалоць ногі.
Жаўтаватая цёплая вада ледзь
дасягае шчыкалатак.
Недзе далей ёсць месца з лебедзямі.
Там надта глыбока.
Але мы паглядзім на лебедзяў.

Лебядзіна-таполевым пухам,
быццам снегам, замяло вясну.

Чарніцы,
гафтаваныя па беласнежных навалках
пухавых падушак.
Хачу легчы. Шукаю коўдру.
Шукаю водар белых лілей.
Яны калісьці тут раслі.

Старэчыя рукі перабіраюць чарніцы.
Надта выразна бачу іх. Надта блізка...
Дзяўчынка перапісвае малітву.

Што такое тымпан?

Цюльпан. Прачынаюся над кнігай.
Прачынаюся над цюльпанам з юлёвымі прожылкамі.
Заснула над Псальмамі:
"Ён пакрывае нябёсы аблокамі,
падрыхтоўвае для зямлі дождж,
вырошчвае ў гарах траву"
І, мусіць, расквечвае цюльпаны.

красавік 2017 г.


Рецензии