***

Калі я была маленькай,
мяне непамерна цікавіла
 — як дарослыя пішуць літары
ПРАПІСНЫЯ?!
напэўна нічога складанейшага не бывае.
— як жа з маленькіх завітушак
нараджаюцца чароўныя байкі.
гэта ж неверагодна!!!
дарослыя напэўна чараўнікі!!!
— а ці ўсе ўмеюць так пісаць?
матуля смяялася.
хапала мяне, павіслую на яе руцэ,
подскакам бегла са мной у школу,
у мой самы першы клас,
і запэўнівала,
што я таксама неўзабаве буду пісаць
ЯК ДАРОСЛЫЯ!!!
— гэта не так складана, як здаецца.
Яшчэ я не разумела,
як буду чытаць па-беларуску.
Шчыра кажучы, не ведаю,
чаму я ўвогуле думала пра беларускасць.
Усе размаўлялі вакол па-руску.
— і незнаёмыя цёцечкі, і дзядзечкі,
— і бабуся з дзядулем.
— і маці.
Я чаплялася за матульчыну руку,
павісала на ёй.
Матуся, як на арэлях,
гайдала мяне ўперад.
пазней я падскоквала. і маці зноў
пераносіла мяне праз лужы
памераў мора.
Але гэтыя арэлі не былі папраўнымі:
у арэлях ручкі з абодзьвух бакоў.
— Матуль, а як я буду чытаць па-беларуску?
Я ж нічога не зразумею!
А раптам я ніколі не зразумею
і буду адзіным чалавекам,
які не ўмее ТАК чытаць?
Як мне тады жыць?
Маці смяялася. І казала, што
ўсё ў мяне атрымаецца.
Мне так не хацелася яе расчароўваць.
Я так баялася і так хацела ісці ў першы клас!!!
Мяне так цікавілі дзіўныя галінкі
з кропкамі наверсе.
і літаркі У з нейкімі хвалямі.
І я зусім не пыталася,
чаму ў маіх арэлях
ручка толькі з аднаго боку.


Рецензии