***

Іскры ў неба ляцяць ад начнога кастра,
Што гарыць ля ракі, углядаецца ўдаль.
Сёння час для сустрэчы з табою настаў --
Ты руку мне сваю, калі ласка, падай!

Будуць зоркі чытаць мае думкі ў вадзе,
Будзе Прыпяць лілеяй цвісці для цябе.
Я каханне, бы нітку праз сэрца прадзеў,
Вышываю той ніткай я вершы цяпер.

У бурштынавых росах праменнем гарыць
Ранак нашай надзеі, дзе сонца ўстае.
Уліваецца з песняй у Прыпяць Гарынь,
Абдымае Дняпро закаханы яе.

На лугах задуменна застылі стагі.
Чаплі ногі памылі ў халоднай вадзе.
Точыць Прыпяць цячэннем свае берагі,
Гоіць думкі лілеяй, што ў сэрцы цвіце.


Рецензии