Купалле
Я нарадзілася на беларускім Палессі, і калі рэч заходзіць пра спадчыну і народныя традыцыі,мне заўсёды прыходзіць на памяць самае рамантычнае, самае непаўторнае , самае цудоўнае і прыгожае наша свята . Гэта Купалле.Святкуюць яго у ноч з шостага на сёмае ліпеня, у самы росквіт усяго жывога. Гэта ноч напоўнена шматлікімі цудамі: дрэвы пераходзяць з месца на месца, звяры і птушкі размаўляюць паміж сабой.А чалавек, які апоўначы знойдзе у глухім лесе галоўнае цуда гэтай ночы папараць-кветку, навучыцца разумець галасы звяроў і раслін і будзе бачыць усе скарбы зямлі.Цудоўная легенда, цудоўная казка жыцця.А можа зусім і не казка? Ці ж гэта не заклік адносіцца да усяго жывога на зямлі так, як да сябе, лічыць сябя маленькай часцінкай прыроды і зберагаць яе, дасканала вывучаць і жыць у згодзе з кожнай травінкай, з кожнай птушачкай, верыць у магутную сілу зямлі, вады, сонца? Зберагаць , а не ўладарыць. І не трэба шматлікіх рэкламаў, мітынгаў і акцый . З глыбіні вякоў народ рабіў гэта проста і прыгожа. Найлепшая рэклама- свята Купалле. Я з дзяцінства памятаю, як мы вечарам рвалі крапіву , пякліся ёю ( з карысцю для здароўя) і клалі на плот, каб не прыйшла Цыцоха і не забрала у каровы такое смачнае малачко з пенкай.Дарэчы,я нідзе ніколі не чытала пра такога нячысціка.Ён жыў толькі ў весцы майго дзяцінства.Напэўна, у кожнай весцы свой. А яшчэ памятаю, як мы дзецьмі збіралі старыя рэчы і неслі на ускраек лесу за вёскай, дзе будзе раскладвацца вогнішча .Свята пачыналася вечарам . І працягвалася да узыходу сонца, якое абавязкова будзе “іграць”. У дзяцінстве мяне заўсёды цікавіла, як яно іграе. І аднойчы ўжо ў юнацтве мне прысніўся пра гэта вельмі прыгожы каляровы сон, у якім мая душа ў захапленні крычала: “Дык вось як яно іграе!”.Менавіта тады я і вырашыла навучыцца маляваць, как перадаць цудоўныя колеры таго сну .Вучылася....і вучуся.Але карціну пра сон у купальскую ноч яшчэ не напісала.Значыць,буду доўга яшчэ жыць... А пра свае уражанні аб любімай традыцыі я напісала верш.
КУПАЛЛЕ
Разгараецца агонь, усе шпарчэй іскрыцца.
І выходзяць юнакі на дзяўчат дзівіцца.
Ім купалаўскі касцер жарам красіць шчокі.
Кветку- папараць схаваў лес густы высокі.
Шпарка вогнішча гарыць.Неба- зараніцаю.
А Купалле для душы – чыстаю крыніцаю.
Чуць калыша вецярок улетку поле жытняе.
Эх, Купаллечка маё- свята старажытнае!
Па рацэ плывуць вянкі, свечкі дагараюць.
Дзеўкі ўпотайкі пра шлюб на вянках гадаюць.
Закруціліся ў вадзе іх вяночкі вірам.
Колькі там дзявочых мар і жаданняў шчырых!
Шпарка вогнішча гарыць.Неба- зараніцаю.
А Купалле для душы- чыстаю крыніцаю.
Чуць калыша вецярок улетку поле жытняе.
Эх, Купаллечка маё- свята старажытнае!
Пасмялелі юнакі, праз касцёр скакаюць.
Маладосць і спрыт хлапцы дзёрзка выстаўляюць.
Хай дзяўчаты паглядзяць, дружна пасмяюцца.
На каханне сэрцы іх можа адгукнуцца.
Шпарка вогнішча гарыць. Неба- зараніцаю.
У Купалле для душы- чыстаю крыніцаю.
Чуць калыша вецярок улетку поле жытняе.
Эх, Купаллечка маё- свята старажытнае!
Свята гэта душу мне ціха сагравае.
Пра свае 17 год я на ім згадаю.
А яшчэ убачу свет з глыбіні стагоддзяў.
Дык няхай гарыць касцёр спадчыны народнай!
Усё ярчэй няхай гарыць неба зараніцаю.
А Купалле для душы- чыстаю крыніцаю.
Хай калыша вецярок ўлетку поле жытняе...
Эх, Купаллечка маё, свята старажытнае!
Песня . Муз. А.Нежавец
Свидетельство о публикации №117112002742