Кволая-кволая

З нейкага сплаву з розных металаў
Мае завушніцы з крышталамі шкла.
Сучасных аўтараў не хочацца бачыць.
Каб не расчаравацца
Іх знешнасцю і манерай трымацца.
Бывае цяжка любіць тых, хто
Звыкла з табой побач.
Усход адбіваецца на жоўтых цаглінах
Чатырнаццаціпавярхоўкі.
Не ведаю, як ставіцца да людзей.

Мы не зможам гэтага станцавать,
Кажуць яны.
Мы не здолеем паставіць балет,
Кажуць яны.
І не перажываюць, што яны не здатныя.
І адкладаюць частку жыцця
На пасля шасці вечара ці шасцідзесяці ўзросту.

Мае завушніцы згубіліся сярод паперын
Ды розный драбязы на камп'ютарным століку.
З нейкага сплаву з нейкіх металаў
З крышталамі шкла.
Вы патлумачце мне, як
Можна нешта ўзяць у чалавека,
У якога нічога няма.
Дрэнь-чалавек. Хай пойдзе набудзе,
Каб мы маглі ў яго браць.
Вы прымушаеце карову нараджаць
Цяля, каб атрымліваць яд яе малако.
Насычаеце ім пустыя часткі вашых арганізмаў.
Малако ў сэрцы, кефір у мазгах.
Мы не здолеем гэтага станцаваць,
Малако распляскочацца.
Мы не зможам паставіць балет,
Кефір стварожыцца.

Жабка не магла збіць масла лапкамі
З таго малака ў жбане.
Наліце малака ў блэндар, уключыце на максімум -
Атрымалі малочны кактэль з жабкай.
Насалоджвайцеся!
Вы зрабілі з мяне кактэль з жабкай.
Але ўсё ж ткі я не стала маслам.
Усе вы намагаліся зрабіць мяне слабейшай,
Чым я ёсць. Але ўсё ж ткі я засталася самой сабой.

Варта мне выйсці на балкон з кубачкам кавы,
Каб палюбавацца адбіткам усходу
На жоўтых цаглінах чатырнаццаціпавярхоўкі,
Як адчыняюцца суседнія вокны,
І вы трасяцё сваю пасцельную бялізну.
Агідна ўявіць, што там.
Сыпецца на маю клумбу і намешваецца
Ў маё паветра - air, чым я дыхаю.
Не забудзьцеся пашкрэсці вашыя адлівы.
Я ацаню вашую любоў да чысціні.
Пенапластам бы па вашых шыбах пашкрэсці...
Хопіць вучыць мяне боўтацца ў малацэ.
Я ведаю, як на самай справе зрабіць масла.
Я ж вучыла вас ставіць балеты і не піць малака.
Захлыніцеся цяпер сваім малаком, віном,
Баршчом на свіных рэбрышках і іншымі
Вадкасцямі.

Мне не падабаецца сёння пісаць.
Як не хочацца працягваць піць таблеткі,
Калі ты ўжо, здаецца, адужаў.

Разламаная.
Раструшчаная.
Без сіл.
У стане кактэлю з жабкай.
На падлозе.
На каробках.
У пыле ад чужой бялізны.
Без паветра.
Без надзеі.
Ляжу, няздольная зрабіць нават адзін рух.
Напрыклад, у кірунку кухні,
Каб адчыніць фортку і выветрыць
Дашчэнту пах вашых перавараных грэчак.
Нядобрая іронія ў тым, што вы вынішчылі форткі.
Вынішчыўшы тым сэнс паэзіі вокан.
Вокны цяпер ставяцца на праветрыванне.
Вокны цяпер да вас ніяк не ставяцца.
Яны не жадаюць вас нават бачыць.
Шкрабіце вашыя адлівы.
Як коткі шкрабуць вашыя сэрцы
Ў пошуках малака.
Глушыце гук аднаго шкрабцення іншым.

Я ні на што ўжо, відаць, не здатная
І не прыдатная. Кволая-кволая.
Сёння прапанова жыць тут і зараз
Выклікае ў мяне вялікія сумненні.
Пакуль я запісваю слова зараз,
Мая думка ўжо становіцца мінулым.
Сёння, тут і зараз, хочацца верыць/ведаць,
Што маеш будучыню. Пры тым поўную шчасцем.
Дзіўна вам, што я адчуваю сябе шчаслівай?
Дык захлыніцеся ўжо чым-небудзь, а? Калі ласка.

Лісяня колеру "бэзавы Далі" з чорнымі бусінкамі вочак
Усміхаецца мне з кутка палічкі.
Я не магу яму не адказаць
Хоць кволым падабенствам усмешкі.
У плыні паветра
Трэба трывала трымаць абдыманне ветру.
Падарыце мне новыя каралікі з жомчугу,
А то мае ўжо знасіліся.

16.11.17


Рецензии