Не пакiнь мяне

Не пакінь мяне, вобраз мілы,
Той зямлі, аб якой пяю!
Дай мне веры і дай мне сілы
Апяваць прыгажосць тваю.

Каб ішоў я па той дарозе,
Дзе Айчыны зіхцяць сляды,
Дзе Палессе ў жыццёвай прозе
Пазірае на плынь вады.

Усміхаецца дню рабіна --
Да яе прытуліўся клён.
Пазалота ў агні рубінаў --
Іх кахання сумесны плён.

Чаратамі замкнёны бераг,
Нібы плот ля жывой вады.
Тут русалкі цягаюць нерат,
Ніцма падаюць жалуды.

Не пакінь мяне, край мой родны:
Журавінавы, спеўны кут!
Забалочаны і свабодны,
Дзе аблокі надзеі ткуць.


Рецензии