Нарэшце супакоiлася восень...

***
Нарэшце супакоілася восень:
Няма ні снегу, ні дажджу, ні ветру
Амаль няма. Так і душа не просіць
Амаль нічога. Вісне у паветры

І падае павольна жоўты ліст
На волкія і стомленыя травы.
І лістапад – няўдалы гарманіст –
Чакае дні свае да пераправы.

Ён замаўчаў, ён здуў свае мяхі.
Апошні гук, калі спадае жолуд…
Дажджамі змыў і замаліў грахі,
Каб ціха адысці ў зімовы холад.

04. 11. 2017 г.


Рецензии