Вынаходнiцтва электрычнасцi
Вачам паўстае горад
У гэтым горадзе вечарам пуста
Над ім вісяць згаснулыя зоркі
Яны памнажаюць цемрадзь на дзесць
І не ўбачыць дарог ні адным вачам
Вечарамі на вуліцах няма людзей
Ні воднай істоты з першым змрокам
Ліхтары яшчэ не прыдумалі
Ды й людзей, магчыма, яшчэ не стварылі
Але пабудавалі для іх гарады
Чаго ты жадаешь?
Палёт невялікай птушкі
Позірк у блакітнае неба
Шырока расплюшчаных і такіх самых блакітных
Воч
Упэўнены ўзмах крылаў
Згаслыя зоры
Ў тваіх гарадах
Ніколі не давалі цяпла
Лепш бы яны падалі ў рукі
Можна захоўваць такую зорку
У слоіку ці ў празрыстага шкла вазе
І не трэба казаць
Што зорка так загіне
Гэта няпраўда!
Сапраўдныя зоры не паміраюць
Брыдзем па зарослай сцежцы
Я і конь
Сярод сакавітых высокіх чэрвеньскіх траў
Нікому не кажам - куды
Надакучыла даваць справаздачы
Кіруемся праз дол да крыніцы
За якой весніцы таго горада
Разбураная сцяна
Спаленыя дрэвы ў вазонах
Возера на ўскрайку за лагчынай
Без гарлачыкаў і срабрыстых рыбак
Я збіраюся вынайсці электрычнасць
У гэтым горадзе
І па галінах самых высокіх дрэваў
І па дахах самых высокіх будынкаў
Працягнуць калядныя агеньчыкі
Свет будзе святочным
Нашы вуліцы будуць спяваць
Вуліцы будуць кружыцца ў танцах
Вуліцы напоўняцца людзьмі і радасцю
А згаслыя зоры
Хай вісяць, дзе згарэлі
Як цяжкія зялёныя цвёрдыя грушы
Дагары
Такія, што ніколі не выспяваюць
Мы запальваем сямікаляровыя лямпачкі
Хтосьці спявае сямінотныя гімны
Прысвячае сямірадкоў'і слоў
Позняй вясне
А над горадам запальваецца сапраўдная зорка
Не баіцца ўпасці міма рук
Сярод пяску яна стане
Аметыстамі
Сярод вады яна стане ззяннем
Сярод агню
Разляціцца трапічнымі матылькамі
Трое ці чацвёра смяюцца
Ім не было справы да маіх матылькоў
Вынаходзіць электрычнасць
Кожны раз наноў складана
Але няма нічога немагчымага
Для чалавека, у якога ў хаце
Ёсць, падсвечаныя рознакаляровымі лямпачкамі
Не вынайдзенымі яшчэ, а, значыць, чароўнымі
Слоікі:
З матыльком
Са срабрыстай рыбкай
З гарлачыкам
І з зоркай
Блаславіце каханне
Калі яно назаўсёды!
21-22 красавіка 2017 г.
Свидетельство о публикации №117102303127