Сягоння цяжка на душы...
Сягоння цяжка на душы.
Ці, можа, то ад лістападу,
Ці ад збянтэжанай імжы,
Што расплываецца па саду?
Ці, можа, гэта ад зімы,
Якая грукае у дзверы?
Ці, можа, ад таго, што мы
Ў каханне нашае не верым?
Ці ад халоднае вады,
Што з дахаў капае на дровы?
Ці наганяюць сум сляды,
Што крыва цягнуцца з дубровы?
Ці, можа, вінаваты сон,
Які сягоння мне прысніўся?
Ці восені ледзь чутны звон,
Што ў вершалінах дрэў згубіўся?..
22. 10. 2017 г.
Свидетельство о публикации №117102203717