Сёння восень стамiлася. Неба не рушыцца...
Сёння восень стамілася. Неба не рушыцца
І вісіць, нібы столь, над маёй галавой.
І бярозавы лісцік павольна так кружыцца
Над халоднай і цёмнай вадой ледзяной.
Сёння восень стамілася і затаілася.
Серабрыцца застылага неба рака.
Мабыць, восені ноччу зіма ўжо прыснілася.
І так блізка да хмарак, дастане рука.
Сёння восень стамілася. Ёй усё роўна:
Хай ляжыць і бурэе сырое лісцё…
Не жадае спяваць, паглядае бязмоўна.
Сёння восень – пражытае мною жыццё…
19. 10. 2017 г.
Свидетельство о публикации №117101904092