Кветкi и дрэвы

Кветкі і дрэвы. Маюць сэнсы і значэнні. Фларыстычная графіка на вінтажных паштоўках. Гавораць не кветкі, а людзі. Таму жоўты цюльпан любіць тваю мілую ўсмешку сярод травы. А я люблю шоўк цюльпанаў. Эстрагон... мята... настурцыі... белы бэз?
Хрызантэмы геліятропавага колеру перайшлі жыць ў цяпло. Жыць - гэта цудоўна. Яны страцілі насычанасць колеру, але нарэшце атрымалі магчымасць квітнець. Яны глядзяць у вакно, цэлы дзень любуюцца чырвоным-чырвоным клёнам насупраць. Світанне, першыя промні сонца з-за дома кранаюць верхавіну клёна. Добрай раніцы. Хрызантэмы любуюцца. Клён танцуе з ветрам, ловіць і адлюстроўвае сонца, блішчыць дажджом. Кожны дзень становіцца ўсё больш чырвоным і прыгожым.
І ўсё нармальна, нават добра ўсё. Няма засушаных фіялетавых крокусаў у кніжках, штучных пялёсткаў руж па шуфлядах, гістарычных аповесцяў на паліцах. Ёсць Сонца, Стары Горад і Ластаўкі на вокладцы Андэрсэна. Мы не будзем складаць казкі пра хрызантэмы і гісторыі пра клёны.
У дзяцінстве я рабіла лялек з шаўковых нітак ды бэзавых галінак. Лялькі, хрызантэмы, клёны, - хочацца пакалыхацца паволі на арэлях, пасядзець на асенняй лаўцы ў вячэрнім тумане, у кастрычніцкім паветры.
Калі ў пакоі запальваецца святло, хрызантэмы бачаць у вакне адлюстраванне абстаноўкі. Дабранач. Добрых сноў.
Кветкі сняцца нячаста. Апошнім разам былі чорна-белыя, архідэі - дакладна. І нейкія іншыя. Чорна-белыя гіацынты: ружовыя, блакітныя, пурпуровыя, жоўтыя, белыя, - чорна-белыя.
Клён - гэта ахова і раўнавага, павага і ўпэўненасць. Хай будзе сымбалем шчасця.

8 кастрычніка 2017 г.


Рецензии